Рэпрэсіі, трэш-кантэнт, поспех пост-панку: беларускае музычнае жыццё ўнутры краіны і за мяжой


Беларуская рада культуры прадставіла агляд музычнага сектару Беларусі ў студзені – сакавіку 2024 года. Галоўныя тэндэнцыі: узбуйненне, рост спісу затрыманых артыстаў, дзяржаўны крынж у інфапрасторы ўнутры краіны і спробы развіцця андэграўнду.

Падчас выступу праекту Filamaty у Вільні.
Фота: Darja Roskač / budzma.org

Новы віток рэпрэсіяў

У студзені затрымалі трох удзельнікаў гурту Nizkiz – вакаліста Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна. На музыкаў завялі крымінальныя справы. Хлопцаў засудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Музыку гурта «Минимум дистанции» засудзілі на 3 гады «хатняй хіміі», а Уладзіслава Наважылава наагул дадалі ў спіс тэрарыстаў.

Hавiны
Стала вядомае пакаранне музыкам «Nizkiz»
2024.04.12 16:49

Развіццё і патэнцыял руху

У пачатку года каманда Belarus Outside Sound System стварыла тэлеграм-канал Belarus Music Export. Тут збіраюць магчымасці для прафесійнага развіцця прадстаўнікоў музычнага руху Беларусі: ад конкурсаў і шоўкейсаў да стыпендыяў і інфасесіяў. Каманда мае вялікія планы: у кулуарах ідуць размовы пра музычную канферэнцыю і новыя дабрачынныя івэнты.

З’явілася выданне «КЛІК», якое піша пра рэлізы, спрабуе аналізаваць праслухоўванні лакальных артыстаў і ініцыяваць дыскусіі. Сярод амбітных планаў праекту – наладжваць сувязі з лэйбламі і даследаваць музычны рынак.

Удалыя калабарацыі

Гэтаю зімою адбыўся шэраг удалых калабарацыяў. Уладзь Лянкевіч і музыкі з гурта Relikt стварылі супольны праект Filamaty. Гэта спроба зразумець чальцоў таварыства студэнтаў, якія 200 гадоў таму зазналі арышты, зняволенні і высылкі. На стрымінгах песняў яшчэ няма, але на канале Perfaratar ужо можна паглядзець дэбютнае відэа.

Наваствораны гурт VVaxplay выпусціў альбом Dust & Haze. У калектыве паядналіся Аня Жданава і Стас Мурашка, а да запісу кружэлкі далучыліся Мікіта Арлоў, Філіп Петчанка, Антон Шніп і Ігар Латушка. Атрымаўся беларускі супергурт, які грае плынны і таямнічы вінтажны поп.

Вольга Падгайская ў Зальцбургу піша канцэрт для віяланчэлі і аркестру, праца ствараецца адмыслова для Івана Карызны і Віталя Алексяёнка.

На сцэне COS Torwar у Варшаве Ксюша з Naviband спявае дуэтам з «Бі-2», да таго ж музыкі анансуюць рэліз супольнага трэку. Spievy і Kasary – жаночы хор, створаны Русяй (Марынай Шукюравай), і мужчынскі хор, сабраны Сержуком Доўгушавым, – ладзяць супольныя выступы.

Рэпартаж
«Uwaga!» У Варшаве далі першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі
2024.04.14 00:02

Тэндэнцыя яднання асобных выканаўцаў у большай ступені прасочваецца за мяжою. Часам спрацоўвае банальная немагчымасць зайграць старым складам. Да таго ж артысты хутка прыходзяць да разумення: калі падставіць адно аднаму плячо, павялічацца шанцы некуды дайсці. Жаданне застацца сярод сваіх пакуль перамагае, хоць у Варшаве ўжо спрабуюць ісці да мясцовых. У зборныя салянкі арганізатары запрашаюць маладыя польскія гурты.

Беларусь: трэш-кантэнт і падполле

Дзяржаўныя СМІ галоўнаю музычнаю падзеяй называюць «Песню года Беларусі», якая чарговы раз прайшла ў Менску. Перамагла сёлета Ганна Благава з песняю «В сюжете имени меня». Аўтарка (і адначасова нявестка Лукашэнкі) перыядычна збірае розныя ўзнагароды.

Унутры Беларусі актыўна анансуюцца выступы расейскіх артыстаў сумнеўнай якасці. У красавіку, напрыклад, прапануюць абіраць паміж Стасам Міхайлавым і Дыскатэкаю СССР.

Альтэрнатыўных жа прапановаў цяпер стала вельмі мала і даведацца пра іх значна цяжэй. Невялікія канцэрты беларускіх музыкаў цалкам ігнаруюцца сайтамі-агрэгатарамі. Жывы джаз і фанк можна паслухаць у accidental point. Развіваецца адкрыты ў 2023-м «Пралетарыят» – новы цэнтр прыцягнення тэхна-артыстаў, які зрэдчас прымае і жывыя лайвы. Клуб «Бруге» пераадкрыўся з новым гаспадаром: тры гады пляцоўка прастойвала, а цяпер ізноў дасяжная для мясцовага мэталу, року і пост-панку.

У параўнанні з мінулым годам годных канцэртаў стала больш. Відаць, што мясцовыя клубы і арганізатары знаходзяць спосабы дамаўляцца і атрымліваць «гастролькі» праз кагосьці з «правам на імпрэзы». Іншыя ж ладзяць канцэрты, пра якія не даведаешся з адкрытых крыніцаў – гэта кватэрнікі толькі для сваіх і андэграўнд-гігі, месца правядзенне якіх трэба пытаць у сяброў.

Гісторыі
«Тэрарыст» Лэслі Найф: Чалавецтву трэба перарасці вайну, як перараслі канібалізм
2024.03.12 06:00

Сусветныя поспехі пост-панку

Беларускія пост-панк артысты працягваюць актыўна катаць туры па замежжы. За пачатак года Dlina Volny сыгралі канцэрты ў гарадах Еўропы, а Nürnberg нарэшце даехаў да Лацінскай Амерыкі.

Пост-панк даўно стаўся візітоўкаю беларускае сцэны – туры ў Мексіцы і блізкіх краінах ужо ладзілі «Молчат дома», Dlina Volny, Super Besse, але ад папярэднікаў Nürnberg адрознівае тое, што яны прывезлі ў Лацінскую Амерыку беларускую мову.

Высновы

Захоўваць стваральны настрой у цяперашніх умовах вельмі складана, але музыкі і арганізатары вынаходзяць новыя формы існавання ды спрабуюць упісацца ў існыя правілы гульні. Аднак, не выпадае меркаваць, што пару дзясяткаў дазволеных канцэртаў можна лічыць паслабленнем сістэмы, лічыць Рада культуры. Хутчэй, гэта сведчыць пра кропкавыя выпадкі індывідуальных дамоваў паміж бакамі, што, зрэшты, аднойчы мусіла пачацца, зазначаецца ў аглядзе.

За мяжою музыкі выходзяць з этапу адаптацыі і намацваюць стыль руху ў новых абставінах. Асобныя актары пачынаюць прапаноўваць пэўныя рашэнні і актыўнасці. Музыкі яднаюцца, перазбіраюць склады гуртоў і найчасцей застаюцца сярод сваіх, хоць і робяць нясмелыя захады ў бок мясцовых. Гэта выглядае на рыхтаванне да забегу, хоць у такім стане можна правесці доўгі час і, будзем шчырыя, прастора для бегу не звышспрыяльная.

Стабільнымі вынікамі можа пахваліцца айчынны пост-панк: ускочыўшы на хвалю папулярнасці чатыры гады таму, героі гэтага жанру плывуць на ёй дасюль.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў