Лукашэнка дазволіў беларускім спартоўцам ехаць на Алімпіяду

У той час, як расейцаў, што збіраюцца пагадзіцца на ўмовы МАК і выступаць на Алімпіядзе ў Парыжы заклікалі называць альбо «камандай бамжоў», альбо «камандай замежных агентаў», Лукашэнка наадварот заявіў, што не супраць таго, каб прадзяржаўныя беларускія спартоўцы адправіліся на Гульні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Касцюковіцкі раён Беларусі. 30 красавіка 2024 года.
Фота: president.gov.by

Падчас паездкі ў Касцюковіцкі раён кіраўнік Беларусі назваў мярзотнікамі тых, хто абмяжоўвае беларусаў і расейцаў у іх праве на агульных умовах выступаць у Парыжы.

«Гэта спорт лепш не робіць», – выказаўся самаабраны ў адказ на пытанне мясцовага жыхара. Але пры гэтым зазначыў, што «у мінулыя часы на перыяд Алімпіядаў перапыняліся войны».

І параіў патэнцыйным удзельнікам ад Беларусі «набіць твар [супернікам і заходнім палітыкам – аўт.], чым паказаць, што яны – сапраўдныя беларусы».

Якая сітуацыя на гэты час? Менш чым за 3 месяцы да пачатку Гульняў яшчэ ніводны беларускі ці расейскі спартовец, нават тыя, хто выканаў кваліфікацыйныя нарматывы, не мае гарантаванага месца на пляцоўках Парыжу. Прычым, як тыя, хто рэпрэзентуе нелегітымныя Нацыянальны Алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь ды Алімпійскі камітэт Расеі, гэтак і вольныя беларускія спартоўцы. На гэта звярнуў увагу ў сваёй нядаўняй публікацыі «Голас Амерыкі». Там, у прыватнасці, гаворыцца аб тым, што некаторыя атлеты, якія актыўна абараняюць рэжым Лукашэнкі, атрымалі «зялёнае святло» на ўдзел у Алімпіядзе-2024, але тыя, хто выступіў супраць рэпрэсій, апынуліся па-за Гульнямі. У якасці прыкладу прыводзіцца бягуння на доўгія дыстанцыі Вольга Мазуронак, якая 7 сакавіка гэтага году заняла другое месца ў марафоне ў Лос-Анджэлесе, паказаўшы вынік, што вышэйшы за Алімпійскі нарматыў. Аднак яна не здолее выступіць на Алімпіядзе, паколькі World Athletics (Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі) катэгарычна супраць нават прысутнасці на Гульнях грамадзянаў з расейскім альбо беларускім пашпартам. Прыводзяцца словы аднаго з лідараў беларускай апазіцыі Паўла Латушкі:

«Беларускія вольныя спартоўцы, спартоўцы-дысідэнты атрымалі канкрэтны сігнал: які сэнс змагацца за дэмакратыю, за справядлівасць, калі з аднаго боку ты становішся няўгодным рэжыму, які парушае правы і свабоды грамадзянаў, а з іншага – сусветны спорт таксама пазбаўляе цябе магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах».

Паводле аўтара матэрыялу, нягледзячы на жорсткія крытэры адбору, плыўчыха Анастасія Шкурдай, акадэмічны веславальшчык Яўген Залатой, прадстаўніцы жаночай барацьбы Ірына Курачкіна ды Ванэса Каладзінская былі дапушчаныя да ўдзелу ў Гульнях, нягледзячы на тое, што звязаныя з сілавымі структурамі і былі заўважаныя ў падтрымцы рэжыму. Дырэктар Міждысцыплінарнага спартова-трэнавальнага цэнтру пры Універсітэце штату Флорыда Цімаці Багурст (Timothy Baghurst) лічыць, што «МАК часта сутыкаецца з этычнымі дылемамі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ірына Курачкіна на спаборніцтвах у барацьбе на Еўрапейскіх гульнях. Менск, Беларусь. 2 ліпеня 2019 года.
Фота: noc.by

«Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў пра стварэнне адмысловай камісіі, якая павінная вызначаць адпаведнасць спартоўцам усталяваным крытэрам. І калі пазней высветліцца, што атлет быў афіляваны з сілавымі структурамі альбо актыўна падтрымліваў вайну ва Украіне, і пры гэтым удзельнічаў у Алімпійскіх Гульнях, гэта вельмі дрэнна адаб’ецца на рэпутацыі Алімпійскага камітэту».

У той час, як МАК не адказвае на запыты (хадайніцтвы) па гэтым пытанні як ад Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення гэтак і ад «Голасу Амерыкі», паводле пытання перагляду палітыкі допуску атлетаў, Беларускі Фонд спартовай салідарнасці падрыхтаваў свой праект верыфікацыі патэнцыйных удзельнікаў Алімпіяды ў Парыжы, які стаўся сумесным з Global Athlets (Canada), Athletes for Ukraine (UA) і Open Society Foundation (USA). Афіцыйная інфармацыя пра гэта чакаецца неўзабаве.

Што датычыцца афіцыйнай пазіцыі ўладаў, у тым ліку і спартовых, Беларусі і Расеі, якія ў сваю чаргу заклікаюць адхіліць ізраільскіх спартоўцаў ад Алімпіяды, прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах выказаўся адназначна:

«Гутарка вядзецца пра абсалютна розныя сітуацыі. ХАМАС напаў на нявінных людзей у Ізраілі, які вымушаны быў абараняцца. Мы ўсе бачылі страшныя кадры гэтага нападу і былі ў жаху ад ягоных вынікаў. Гэта не мае нічога агульнага з тым, што зрабіла Расея ў адносінах да Украіны».

Пры гэтым відавочна, што ў МАК ужо не застаецца часу на тое, каб верыфікаваць спартоўцаў Палестынскай аўтаноміі наконт таго, ці належыць хтосьці з іх да групоўкі ХАМАС. Тым больш, прадстаўнікоў Палестыны мяркуецца дапусціць у незалежнасці ад кваліфікацыйных вынікаў, а колькасць складзе ад 6 да 8 асобаў. Паводле Баха, «ад першага дня вайны ў сектары Газа Міжнародны алімпійскі камітэт паставіў перад сабою задачу падтрымліваць спартоўцаў, якія не могуць працягваць трэнавацца і рыхтавацца да гульняў».

Абмежаванняў на колькасць спартоўцаў Ізраілю ў Алімпіядзе не існавала і не існуе.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў