У МУС Беларусі расказалі, як можна скардзіцца на дарогі. Інакш могуць і пасадзіць


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі з 2 траўня запускае гарачую лінію пра праблемы з дарогамі. Іншыя метады інфармавання могуць мець непрыемныя для грамадзянаў наступствы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: brestcity.com

«З 2 траўня ў грамадзянаў з’явіцца магчымасць паведаміць аб дэфектах дарожнага пакрыцця на адзіны нумар тэлефона (017) 218-72-92», – паведамілі ў МУС.

У ведамстве адзначылі, што гарачая лінія будзе працаваць у будні з 10:00 да 12:00 і з 15:00 да 17:00:

«Пасля апрацавання паведамлення па кожным факце будуць прынятыя меры для ўхілення недахопаў».

У МУС таксама адзначылі, што з 12 красавіка ў Telegram функцыянуе чат-бот @GAI_DOROGI_BOT, у які можна паведаміць аб праблемных участках.

Аб’ектыў
Затрымалі на ўзор «палітычных» за публікацыю стану дарог
2024.04.30 20:34

Нагадаем, што днямі віцебскія сілавікі змусілі мясцовага блогера «пакаяцца» за публікацыю здымкаў разбітых дарог. Іх абурыла тое, што такімі відэа карыстаюцца незалежныя медыі і распавядаюць пра «праблемныя пытанні беларускай інфраструктуры». Затрыманага прымусілі параіць іншым «не выкладаць ніякіх відэа, а ісці ў дзяржорганы».

Пра тое, што праблемы трэба хаваць ад публічнасці, пасля гэтага заявіў пралукашэнкаўскі дзеяч Юрый Васкрасенскі. Маўляў, тады і дарогі будуць лепшыя, і човен, у якім усе разам сядзім, не разгайдаецца.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў