Увечары 1 траўня расейскія войскі нанеслі ўдар па Адэсе. Ракета трапіла ў сартавальнае дэпо і аддзяленне «Новай пошты».
Увечары 1 траўня 2024 года ў Адэсе абвесцілі паветраную трывогу. У Сілах абароны поўдня паведамілі аб пагрозе ўжывання расейскімі акупантамі балістычнай зброі.
Пасля ў горадзе прагрымелі магутныя выбухі, уздрыгнулі жылыя дамы. У аўтамабілях на вуліцах спрацавала сігналізацыя.
Відавочцы паведамлялі, што ў адным з раёнаў гораду пачаўся моцны пажар.
Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпэр паведаміў, што колькасць пацярпелых у выніку гэтага нападу складае 14 чалавек, аднаго мужчыну шпіталізавалі ў стане сярэдняй ступені цяжкасці. Усім астатнім дапамаглі на месцы.
«У выніку расейскага ракетнага нападу на Адэсу пашкоджаная грамадзянская інфраструктура, у прыватнасці складскія памяшканні пошты. Працягваецца ліквідацыя пажару. У навакольных дамах ёсць выбітыя шыбы», – гаворыцца ў паведамленні.
Тым часам, паводле зводкі Генштабу ЗСУ, за мінулыя содні на фронце адбылося 121 баявое сутыкненне, агулам расейцы нанеслі 5 ракетных і 63 авіяцыйныя ўдары, 72 разы абстралялі пазіцыі ўкраінскіх войскаў і населеныя пункты з рэактыўных сістэмаў залпавага агню.
Ася Саковіч belsat.eu