Міністр юстыцыі Украіны прапанаваў адпраўляць на фронт асуджаных за забойства


Кіраўнік Міністэрства юстыцыі Украіны Дзяніс Малюська выказаў у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Рада» прапанову мабілізоўваць асуджаных за забойства і адразу адпраўляць іх у франтавую зону.

Міністэрства юстыцыі Украіны.
Фота: minjust.gov.ua

«Магчыма, тыя, хто ўмее забіваць, былі б нават больш эфектыўнымі вайскоўцамі, чымся тыя, хто не забіваў яшчэ, і больш бяспечнымі, чымся тыя, хто рабаваў дзясяткамі гадоў, а потым ім далі аўтамат», – сказаў Малюська.

Паводле міністра, мабілізаваныя вязні адразу будуць адпраўляцца на фронт, а трапіць на службу ў заходнія вобласці Украіны будзе немагчыма:

«Гэта будуць дакладна падраздзяленні на лініі фронту ці недалёка ад яе».

Каментар
Дэпутат Ганчарэнка: У законапраекце пра мабілізацыю ва Украіне бракуе пункту пра дэмабілізацыю
2024.04.11 19:16

Малюська таксама зазначыў, што ягонае ведамства хоча разгрузіць папраўчыя ўстановы на фоне росту колькасці вязняў:

«Колькасць тых, хто трапляе ў нашыя ўстановы, істотна расце, мы на нейкім этапе можам лопнуць. Таму нам трэба думаць пра тое, каб зменшыць колькасць тых, пра каго мы клапоцімся ў нашых установах», – сказаў кіраўнік Міністэрства юстыцыі.

10 красавіка Вярхоўная Рада прыняла ў першым чытанні законапраект аб мабілізацыі асуджаных. У дакуменце прапануецца даць магчымасць служыць тым, хто адбывае пакаранне па няцяжкіх злачынствах. 11 красавіка Вярхоўная Рада ўхваліла Закон аб мабілізацыі.

16 красавіка 2024 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў Закон аб мабілізацыі.

Дакумент уносіць змены ва ўлік вайсковаабавязаных; пашырае катэгорыі асобаў, якіх могуць мабілізаваць; уводзіць абмежаванні і карныя захады супраць тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі; уводзіць базавае вайсковае рыхтаванне; павялічвае выплаты за знішчаную варожую тэхніку і ўводзіць сістэму іпатэкі для вайскоўцаў на службе.

У канцы лютага гэтага года намесніца міністра юстыцыі Украіны Алена Высоцкая тлумачыла, што ўрад найперш разглядае магчымасць прызыву ва Узброеныя сілы тых асуджаных, якія ўжо адбылі пакаранне. Паводле чыноўніцы, таксама разглядаўся варыянт, каб зняволеныя або людзі з судзімасцю выконвалі дапаможныя функцыі ў войску, і гэта было б «больш мэтазгодна, чымся проста заставацца ў турме».

Таксама раней Дзяніс Малюська прапанаваў мабілізаваць асуджаных без іхнай згоды, заявіўшы, што абараняць краіну – абавязак кожнага.

Hавiны
Зяленскі падпісаў Закон аб мабілізацыі. Што змяняе дакумент для ўкраінцаў?
2024.04.16 16:06

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў