Працягваем сачыць за пераследам беларусаў па палітычных матывах.
Палітвязень Кастусёў, хворы на рак, атрымаў кепскія вынікі аналізаў
17 красавіка былому старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву спаўняецца 67 гадоў. За кратамі ён сустракае ўжо свой чацвёрты дзень нараджэння. Ад пачатку 2024 года ён перабывае ў крытай турме ў Горадні.
За кратамі ў Кастусёва абвастрылася анкалагічная хвароба. Нядаўна палітвязню рабілі аналізы, і вынікі былі кепскімі.
«Яму рабілі аналіз крыві, дык паказнікі дрэнныя: у два разы павышаны бялок у крыві. Павялічаныя лімфавузлы. Таксама турбуе варыкоз на нагах», – расказвае ягоны зяць Дзмітрый Антончык.
На пачатку красавіка Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю – вывелі катэтар з мачавога пузыра. Як кажа Антончык, аперацыя зняла небяспеку разрыву пузыра, але ўскладніла перабыванне палітвязня за кратамі.
Мінюст забірае ліцэнзіі ў яшчэ двух адвакатаў
11 красавіка кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі па пытаннях адвакацкай дзейнасці правяла чарговую атэстацыю адвакатаў, паведамляе прэс-служба ведамства.
Камісія вырашыла пазбавіць ліцэнзіяў Аляксандра Галавача і Ігара Рыжага. У рашэнні гаворыцца пра «немагчымасць выканання адвакатамі прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
Тым часам ГУБАЗіК знайшоў новы метад, як пераканаць беларусаў замежжа вярнуцца дадому
Мяркуючы па ўсім, сілавікі спампавалі гісторыю некаторых эмігранцкіх чатаў і цяпер пішуць іх удзельнікам.
Аднаму з падпісчыкаў прыйшло паведамленне з акаўнта, які раней называўся «Прафілактыка экстрэмізму». Невядомы назваў хлопца па імені і імені па бацьку і распавёў, што таго не шукаюць, яго няма ў базах і варта толькі пачысціць каментары на выпадак вяртання ў краіну.
Іншага беларуса наадварот спрабавалі застрашыць смерцю ў выгнанні.
У Лунінцы сабралі святароў, якім расказалі пра экстрэмізм і тэрарызм
У Лунінцы сабралі мясцовых святароў. Старшыня райвыканкаму Аляксандр Савіна падзякаваў ім за супрацоўніцтва і ўдзел у розных мерапрыемствах, за «спакой сярод прыхаджан». Сярод выступоўцаў былі і сілавікі. Напрыклад, памочніца пракурора Дар’я Цібец «скацэнтравала выступ на мерах па супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму, рэабілітацыі нацызму», піша раённая газета. Святары задавалі пытанні, якія іх хвалююць, але наконт чаго, невядома.
Чыноўнікі чакаюць, што рэлігійныя арганізацыі паўдзельнічаюць у «духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі».
Асуджаны жыхар Гомля, які ў 2022-м у адзіночку спыніў цэх свайго прадпрыемства
Суд Савецкага раёну Гомля асудзіў Івана Памесячнага на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён працаваў наладчыкам станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем на Гомельскім заводзе пускавых рухавікоў імя Панамарэнкі, і ў лістападзе 2022-га ў адзіночку спыніў цэх прадпрыемства. Як паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда, мужчына скарыстаўся «свабодным доступам да ўсяго абсталявання, выдаліў доступ да сістэмных файлаў, прывёўшы ў няспраўны стан праграмнае забеспячэнне (кампʼютарную інфармацыю), заблакаваўшы кампʼютарную сістэму». Сцвярджаецца, што Памесячны зрабіў гэта «з помсты за нібыта нявыплачаную ў поўным абʼёме заработную плату».
Учынак наладчыка стаў прычынай «цяжкіх наступстваў у выглядзе матэрыяльных выдаткаў». Прадпрыемству давялося прыцягваць падрадную арганізацыю, якая распрацоўвала новыя праграмы, дакументацыю. Гэта каштавала яму 99 тысяч рублёў (раней памер шкоды называлі меншы – 55 тысяч рублёў). Амаль усю гэтую суму абавязалі выплаціць асуджанага.
Следчы камітэт 17 красавіка пачаў працэс спецвытворчасці ў дачыненні да беларуса Віктара Калаура, які абвешчаны ў вышук па крымінальных артыкулах аб распальванні варожасці і абразе прадстаўніка ўлады.
46-гадоваму Віктару Калауру інкрымінаваны тры артыкулы Крымінальнага кодэкса:
Следчы камітэт прапануе яму вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў аддзяленне ведамства ў Пінску на вул. Суворава, 1.
Адзначым, на сайце МУС Віктар Калаур значыцца ў вышуку. Паведамляецца, што ён «уцёк ад следства за здзяйсненне злачынства», прадугледжанага артыкуламі аб распальванні варожасці і абразе прадстаўніка ўлады. Аб інкрымінаваным яму арт. 188 (Паклёп) у МУС не паведамлялі.
Мужчыну прыгаварылі да «хіміі» за некалькі рэпостаў пра Лукашэнку ў «Аднакласніках»
Суд Гарадзенскага раёну прыгаварыў Уладзіміра Мікуліча да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яго абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
Па версіі абвінавачання, Мікуліч перапосціў у «Аднакласніках» некалькі публікацый, якія нібыта прыніжалі Лукашэнку. Гэта былі ролікі пабліка «Беларусь палітычная», а таксама тэкст і фота пабліка «STOP LUKA». Суддзя Віталь Сініла прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 2 арт. 368 КК і прыгаварыў да двух гадоў «хіміі». Да адбывання пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу мужчыну вызвалілі з-пад варты.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек
Гэтыя людзі асуджаныя ці ўзятыя пад варты па абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці, абразе Лукашэнкі, дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і г.д. Сярод іх ёсць два былыя мытнікі, якіх судзілі закрытым судом, абвінаваціўшы па дзевяці артыкулах Крымінальнага кодэксу: Віктару Новіку прысудзілі 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзіміру Журомскаму – 12 гадоў.
На сёння ў Беларусі лічыцца 1391 палітвязень. Колькасць людзей, пазбаўленых волі па палітычных матывах, значна большая.
Ася Саковіч belsat.eu