Гісторыя стрыму з плошчы Пераменаў, які вялі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, – гэта не толькі кадры і факты, але супадзенні і перасячэнні тысяч лёсаў людзей. Адзін з іх – звычайны менскі таксіст, які ў той дзень, 15 лістапада 2020 года, да апошняга чакаў у суседнім двары сваіх пасажырак – журналістак «Белсату». Чакаў, тэлефанаваў і спадзяваўся, што прарвуцца…
«Звязаўся з імі апошні раз гадзіне а трэцяй ці чацвёртай. На тэлефон званіў, бо не было інтэрнэту. Тады яшчэ ўдалося стэлефанавацца. І пасля гэтага – усё, на сувязь дзяўчаты не выходзілі. Але я набіраў і набіраў. Каб сказаць, што з усіх бакоў атачаюць дом амапаўцы і што трэба паспрабаваць неяк выйсці адтуль.
Бо я ведаў характары дзеўчат і меркаваў, што яны будуць там працаваць да апошняга. Але хацеў угаварыць іх сысці адтуль…» – успамінае кіроўца таксі, які папрасіў называць яго Максімам (імя несапраўднае).
З плошчы Пераменаў Максім зʼехаў каля дзявятай, калі даведаўся, што журналістак – ужо дакладна – затрымалі, і што чакаць больш няма каго.
Максім згадвае, што з Кацяй Андрэевай і Дашай Чульцовай пазнаёміўся за некалькі месяцаў да падзеяў 15 лістапада. Расказвае, што, калі ў Менску падчас нядзельных маршаў блакавалі інтэрнэт, замовіць таксоўку праз мабільную праграму было немагчыма.
«Таму яны проста выхапілі мяне з плыні. Селі ад борту, як кажуць. Там іх цэлая каманда была – чатыры чалавекі. Пакуль ехалі, разгаварыліся з Кацяй. Яна папрасіла нумар тэлефону, і я пакінуў. А пазней, калі было трэба, яна мяне проста набірала. Так што я ўсю іхную каманду памятаю і ведаю ў твар. Калі не Каця з Дашай ехалі, то іншыя людзі», – распавядае мужчына.
Згадвае, што Каця часцей садзілася наперад, Даша – назад. Дарогаю ўвесь час размаўлялі, «як добрыя прыяцелі і знаёмцы».
«Нармальныя, прыгожыя дзяўчаты. Што яшчэ сказаць? Баявыя, настроеныя на працу, патрыёткі сваёй краіны. Праўда, супраць рэжыму… Але ж хто тады быў не супраць? Ну, як іх яшчэ ахарактарызуеш – вельмі пазітыўныя дзяўчаты», – усміхаецца Максім.
Ён расказвае, што 15 лістапада каля 12-й гадзіны забраў найперш з дому Дашу, потым заехалі па Кацю. Усё было звычайна. І журналісты, і простыя менчукі рыхтаваліся да Маршу смеласці ў памяць забітага Рамана Бандарэнкі.
«Які ў іх быў настрой? Ну, вы мне цяпер роўна такія ж пытанні задаяце, якія следчы на допыце задаваў, – смяецца Максім. – Ну што, дарогаю пасмяяліся, пагаманілі пра штось – нічога сурʼёзнага. Усё як заўсёды, я ж кажу. Я іх штотыдзень вазіў, калі пратэсты былі. Звычайная паездка. Нічога не прадказвала бяды…» – кажа кіроўца.
Успамінае, што ён высадзіў дзяўчат каля «свечак» на плошчы з імправізаваным мемарыялам Бандарэнку (пра смерць Рамана Бандарэнкі – жыхара адной з тых «свечак», Беларусь даведалася 12 лістапада, за тры дні да затрымання журналістак «Белсату»). Дамовіліся, што будзе чакаць.
І нават не развітваліся, згадвае кіроўца таксі.
Максім прыпаркаваўся непадалёку ад пляцоўкі з мемарыялам, але калі сабралася шмат людзей, пераехаў у іншае месца – у суседні двор. Ён меў адтуль добры агляд, бачыў, як падʼехалі аўтазакі, як разганялі, затрымлівалі і атачалі людзей.
«Не, у мяне праблемаў не было. Я стаяў убаку, у двары, проста сядзеў у машыне. Рэальна АМАП прабягаў міма, калі разганялі ўсіх, але канкрэтна да маёй машыны падазрэнняў у іх не ўзнікла», – згадвае таксоўца.
Распавядае, што чакаў да апошняга, бо бачыў, што пасля разгону і затрыманняў амапаўцы ачапілі ўсё дамы.
«Быў да апошняга, бо меў спадзеў, што яны ўсё-такі выйдуць на сувязь. Недзе пасля восьмай спачатку звязаўся са мной бацька Каці, запытаўся, як справы і ці ёсць якія навіны. А потым ужо пазванілі з рэдакцыі і сказалі, што Дашу з Кацяй усё ж затрымалі. Гэта было а гадзіне дзявятай вечара…» – у голасе суразмоўцы чуецца роспач.
Той дзень і вечар змянілі і жыццё Максіма. Ён ужо дзесяць месяцаў як таксуе не ў родным Менску, а ў Варшаве. Тлумачыць, што дасведчаныя людзі пасля суда над Кацяй і Дашай настойліва параілі яму пакінуць Беларусь. У справе журналістак «Белсату» Максім праходзіў у якасці сведкі.
«Зразумела, былі допыты ў следчага. Апроч іншага, пытаўся, ці была пры дзеўчатах нейкая апаратура. Запытваўся, у якіх стасунках я з імі быў. Такое ж пытанне мне і на судзе задалі. Я адказаў пракурорцы: «А ў якіх я цяпер стасунках з вамі, спадарыня?» І тады ўся зала зарагатала.
Калі папраўдзе, уражанні ад суда былі такія, што гэта проста цырк нейкі. Шмат было абсурдных момантаў у плане пытанняў і наагул усяго. Аж да таго, што Кацінага мужа ледзь не выдалілі з залы, бо засмяяўся ўголас, калі следчы задаваў такія вось пытанні», – дзеліцца ўспамінамі Максім.
Ён кажа, што працуе таксістам ужо восем гадоў. І прызнаецца, што ад самай першай паездкі з журналісткамі «Белсату» ўсведамляў рызыку.
«Ведаеце, рызыка тады заўсёды прысутнічала. То бок я ведаў, на што ішоў, і разумеў, якія могуць быць наступствы. А пасля суда – я не буду казаць, хто і якім чынам, – мне проста сказалі: лепш табе зʼехаць», – дадае таксіст.
Расказвае, што, калі атрымаў позву ў Следчы камітэт, знішчыў усе магчымыя кантакты з мабільніка, а таксама відэа, якія здымаў на тэлефон, чакаючы Кацю і Дашу.
«Цяпер застаецца сачыць за навінамі і працягваць таксаваць», – кажа Максім.
Прызнаецца, што вельмі перажывае за дзяўчат, якія цяпер у калоніі. І – працягвае чакаць сваіх пасажырак. З надзеяй, што – прарвуцца. І выйдуць-такі на сувязь.
Новы варшаўскі нумар таксіста Максіма маем у рэдакцыі. І чакаем…
ЗК belsat.eu