Еўрадэпутатка: Лукашэнка ўсё больш нагадвае ляльку, у якую Пуцін уціснуў сваю руку


Беларускі суверэнітэт звузіўся амаль што да нуля. Аляксандр Лукашэнка нагадвае ляльку ў якую Уладзімір Пуцін уціснуў сваю руку. У чым галоўная праблема, галоўны страх Уладзіміра Пуціна? Пры якіх умовах Нямеччына можа спыніць расейскі газаправод «Норд стрым – 2»? Алесь Сіліч запісаў у Стразбурзе інтэрв’ю з еўрадэпутаткаю ад Нямеччыны Віёляй фон Краман-Таўбадэль, якая рэпрэзентуе партыю «Саюз 90/Зялёныя».

У Беларусі ідуць вялікія расейскія ваенныя вучэнні. Як вы бачыце ролю Беларусі ў агрэсіўных паводзінах Пуціна ў дачыненні да Украіны і Захаду?

Як вы бачыце, беларускі суверэнітэт звузіўся амаль што да нуля. То бок прастора вашай краіны ў сэнсе суверэнітэту і нацыянальнай цэласнасці амаль што знікла. І гэта выглядае асабліва небяспечным і страшным у буйнейшым маштабе: Пуцін ужо абвесціў пра свае намеры перааб’яднаць так званы «руский мир», склеіць зноў кавалкі былой савецкай імперыі. І, відавочна, Беларусь – першы кавалак пазла, першы крок да гэтага рэаб’яднання.

Наколькі, па вашаму, Лукашэнка застаецца самастойным палітыкам?

Ён усё больш і больш нагадвае ляльку, найперш у фінансавым плане. Гэта даўно стала рэальнасцю, але з таго часу, як Пуцін напоўніцу ўціснуў сваю руку ў гэтую ляльку, Лукашэнка – лялька абсалютная. Паглядзіце на атакі расейскіх войскаў з поўначы, з усходу на УкраІну, Лукашэнка не дэманструе абсалютна ніякага супраціву гэтым атакам! Ён заўсёды меў вельмі шчыльныя сувязі з Украінай, але гэтым стасункам прыйшоў канец, што вельмі расчароўвае суседзяў Беларусі – украінцаў.

Як вы разумееце палітыку Пуціна ў дачыненні да Украіны, што яму трэба і чаму ён такі агрэсіўны?

Галоўны клопат і, адначасова, галоўны страх Пуціна – свабодная, дэмакратычная, незалежная Украіна. І ён зробіць усё, каб такой Украіны ніколі не было. Ён ўжо зрабіў першыя крокі ў гэтым кірунку падчас інвазіі 2014 года, ён анэксавАў Крым. Потым ён сутыкнуўся з санкцыямі, але яны, на жаль, не былі дастаткова жорсткімі. Яны не ўдарылі на ўсю моц па Пуціну і ягоным атачэнні. Яны фактычна нічога не значылі для яго, бо ён збудаваў валютныя рэзервы памерам 630 мільярдаў еўраў, і гэтага рэзерву яму хапае, а таксама хапае моцы і ўлады, з тым каб працягваць ісці сваім шляхам.

ВІДЭА
Як Лукашэнка выкарыстаў час агрэсіі Пуціна? Інтэрв’ю з Уладам Кобцам
2022.02.19 14:01

Адныя кажуць што вайна павінна была пачацца ўчора, а іншыя, што гэта толькі прэсінг, і Пуцін не вырашыцца на адкрытую агрэсію, а як вы думаеце?

Ёсць шмат спекуляцыяў на гэты конт. Відавочна, выведка Злучаных Штатаў намагаецца знайсці як мага больш інфармацыі пра гэта, каб пераканацца, што Захад да ўсяго падрыхтаваны. Вы можаце, натуральна, мець шмат аргументаў на карысць версіі ўварвання, але для УкраІны як незалежнай краіны гэтая пагроза нясе моцную эканамічную і фінансавую шкоду, а таксама цяжкую ношу псіхалагічнай пагрозы, і не толькі з-за масавай прысутнасці войскаў на сваёй усходняй мяжы, але і з прычыны ўцёкаў значнай часткі дыпламатычнага корпусу з краіны. Над Украінай сёння амаль што не лятае грамадзянская авіяцыя, а гэта азначае, што краіна можа быць ізаляваная. Але што мы мусім рабіць? Мы мусім ізаляваць Расею, а не Украіну.

Ці ёсць нейкая магчымасць задаволіць Пуціна без крыўды, шкоды для інтарэсаў Украіны?

Што вы маеце на ўвазе пад сатысфакцыяй Пуціна?..

Я маю на ўвазе спыніць ягоныя планы.

Вядома, усё гэта патрабуе моцнага і цвёрдага адказу з боку Захаду, у тым ліку ў выглядзе санкцыяў. Нам жыццёва важна знізіць энергетычную залежнасць ад Расеі. Мы мусім упэўніцца, што УкраІна абароненая з боку краінаў Еўрапейскага Звязу. І мы таксама мусім быць упэўненыя, што гэта Расея будзе цярпЕць за такую палітыку, а не Украіна і не Еўрапейскі Звяз. Спадзяюся, што наш мэсідж, перададзены Крамлю, быў зразумелы. І мы ўбачым, які будзе з усяго гэтага вынік, у тым ліку пасля перамоваў канцлера Шольца з Пуціным.

ВІДЭА
Лукашэнка перадумаў ваяваць разам з Пуціным?
2022.02.18 15:02

Нямеччыну крытыкуюць за тое што яна не толькі не перадае зброю Украіне але і забараніла балтыйскім дзяржавам перадаць зброю нямецкай прадукцыі. Ці гэта не разбурае атлантычнага адзінства, ці Берлін не падыгрывае Маскве?

На гэты конт вядуцца гарачыя дэбаты, і я не ўпэўненая, што ў іх шмат карысці. Ад Нямеччыны Украіне паступае шмат дапамогі: фінансавай, тэхнічнай – усе віды дапамогі, яе шмат, асабліва за апошнія 7–8 гадоў. Мы вельмі надзейны і важкі партнёр Украіны. Іншыя краіны, магчыма, разглядаюць магчымасць большых вайсковых паставак ва Украіну, чымся Нямеччына. Я ведаю, што кіраўніцтва Украіны дасылала свае запыты на пастаўку нямецкай зброі, але калі вы паглядзіце на агульны пакет дапамогі Украіне з боку Еўрапейскага Звязу, я думаю, кожная краіна – чалец Еўразвязу, якая надаЕ гэтую дапамогу, можа граць пэўную ролю ў гэтым працэсе. Але няма абсалютнай неабходнасці, каб менавіта Нямеччына пастаўляла зброю Украіне. Персанальна я толькі «за» больш шырокія дэбаты у гэтай тэме ў самой Нямеччыне. Але вы ведаеце, што прынцыпы ў гэтым далікатным пытанні больш доўгатэрміновыя, каб хутка пераадолець бягучы крызіс.

Што павінна здарыцца каб Нямеччына спыніла «Норд стрым – 2»?

Думаю, не было такога чалавека ў нямецкім урадзе, хто б ні падкрэсліў, што «Паўночная плынь» мусіць быць спыненая, калі напад Расеі на Украіну адбудзецца. Але я як прадстаўніца Партыі зялёных хацела б, каб такая заява была абвешчаная яшчэ раней, папераджАльна! Я б хацела ўжо сёння, калі існуе толькі бягучая пагроза вайны супраць Украіны, пачуць ад свайго ураду, што «Норд стрым – 2» ніколі не будзе падлучаны, не будзе працаваць. Гэтая пагроза вайны ужо сёння наносіць Украіне шмат шкоды, ажыццяўляе моцны ціск, і ў гэтых умовах, без вываду расейскіх войскаў з баявых пазіцыяў, мы не будзем гатовыя да падлучэння і сертыфікацыі «Норд стрым – 2». Урад ужо заявіў, што ў выпадку ўварвання на тэрыторыю Украіны «Паўночная плынь» не будзе функцыянаваць. Але на маю думку, паўтаруся, папераджальнае абвяшчэнне гэтага было б больш эфектыўным крокам.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 17.02.22

Калаж з фота: Alexei Druzhinin /TASS / Forum

 

Стужка навінаў