Вярнулася ў Беларусь памяняць пашпарт. На наступны дзень прыйшлі «мянты»


Дыяна вярнулася ў Беларусь, каб памяняць пратэрмінаваны пашпарт. На наступны дзень яе жорстка затрымлівалі за ўдзел у пратэстах у Менску. «Дзяўчына з рожкамі» атрымала тры гады «хіміі» і паспяхова была эвакуяваная. Новы «Беларус беларусу».

Дыяна мае адметны выгляд, які не дазволіў ёй працаўладкавацца ў Менску пасля заканчэння ВНУ. У выніку ў 2015 годзе яна пераехала ў Маскву, дзе паспяхова знайшла працу, а ў 2020-м разам з іншымі беларусамі расейскай сталіцы пратэставала каля амбасады Рэспублікі Беларусь супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў. Аднак гвалт сілавікоў на радзіме гэтак узрушыў беларуску, што яна пастанавіла вярнуцца ў Менск: «Маё сэрца проста разрывалася ад гэтай несправядлівасці». І не шкадуе, бо такога ўсенароднага ўздыму і не чакала:

«Я ўдзельнічала ўва ўсім, у чым можна было тады. І нават на маршы пенсіянераў я хадзіла, каб іх падтрымаць. Мяне гэта вельмі ўзрушыла, што нават пенсіянеры нарэшце, гэта было ўаў!»

Аднак калі пратэсты былі патопленыя ў гвалце, Дыяна зноў з’ехала ў Маскву, але пасля сканчэння тэрміну дзеяння пашпарта ў 2023 годзе рызыкнула і зноў прыехала ў Менск. Аднак ужо на наступны дзень у кватэру ейнай бабулі пачалі ламіцца невядомыя.

«Я патэлефанавала «мянтам» і кажу: мне ламаюць дзверы. Я не разумею, што адбываецца. А яны, такія: «А мы нікога да вас не пасылалі». Я такая: Божа, што адбываецца?»

Высветлілася, што гэта быў ГУБАЗіК, які жорстка затрымаў Дыяну, пасля яе засудзілі на тры гады «хіміі», але дзяўчыне ўдалося ўцячы.

Сёння Дыяна пачынае жыццё наноў, ёй трэба нашая дапамога для атрымання новай прафесіі. Калі вы жадаеце і можаце дапамагчы Дыяне, то далучайцеся да збору на «BYSOL» (звяртаем толькі ўвагу, што данаты з тэрыторыі Беларусі – гэта цяпер небяспечна!).

Калі вы жадаеце падтрымаць герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.