«Ты бярэш ліст, ты ідзеш у прыбіральню, ты сядаеш і ты крычыш». Вольга Такарчук


Больш за год у турмах Жодзіна, Менску і Гомля правяла блогерка Вольга Такарчук. «Ты бярэш ліст, ты ідзеш у прыбіральню, ты сядаеш і ты крычыш», – дзеліцца беларуска пра зняволенне, пра іншых палітзняволеных і сённяшнюю Беларусь. Новы «Беларус беларусу».

Вольга Такарчук брала актыўны ўдзел у пратэстах 2020 года пасля сфальсіфікаваных рэжымам Лукашэнкі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. За гэта яе засудзілі на 1,5 года зняволення, дзе Вольга пазнаёмілася з палітзняволенымі беларускамі: дырэктаркаю БелаПАНу Ірынаю Леўшынаю, Ірынаю Сырых з «Краіны для жыцця», Алаю Лапаткай і праваабаронцаю Марфаю Рабковай.

«Марфа Рабкова – стрыжань камеры. Яна ўставала раней за ўсіх. Гатавала ўсім каву і гарбату. Яна ведала, хто што любіць раніцаю. Мы ўставалі, чысцілі зубы, а ў нас ужо было ўсё гатовае».

Вольга Такарчук выйшла на волю ў чэрвені 2022-га, але 23 студзеня 2024 года да яе зноў прыйшлі міліцыянты. Гэтым разам у «справе «INeedHelpBy». Затрымалі маці Вольгі – Ірыну Такарчук. Блогерка з дзецьмі і бацькам здолела выехаць у Вільню, дзе цяпер намагаецца распачаць жыццё наноў. Для ахвочых падтрымаць Вольгу адкрылі адмысловы збор, прычым жанчына абяцае за кошт атрыманых сродкаў дапамагчы і іншым беларускам з дзецьмі, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі за мяжой. Сям’і Такарчук найперш неабходна знайсці жытло і ўладкаваць дзяцей у школу.

Магчыма, нехта хацеў бы падараваць дзецям Вольгі цацкі, як «Lego», або наборы для малявання, бо гэта ўсё засталося ў Беларусі.

Сабе Вольга просіць байку са сцягамі Беларусі і Украіны.Як дапамога іншых надае крылы за кратамі? Як змянілася Беларусь і як яна выглядае сёння? Чым палітзняволеную ўразіла вайна ва Украіне? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Беларус беларусу».

Калі вы жадаеце падтрымаць герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.