«Сотні і тысячы добраахвотнікаў вернуцца ў Беларусь». Ветэран палка Каліноўскага


Былы каліновец на пазыўны Хобіт распавёў, з чым сутыкаецца франтавік пасля вяртання дамоў. Які след пакідае вайна ў душы і целе чалавека ды чым жаўнер падобны да палітвязня? Якімі будуць людзі, якія перамаглі пуцінскіх захопнікаў і вызваліліся з лукашэнкаўскіх турмаў?

Хобіт – колішні ваяр палка Каліноўскага, удзельнік пратэстаў у Беларусі. Бараніў Мікалаеўскую вобласць Украіны.

Стрэлы і выбухі Хобіт упершыню пачуў у Менску ў 2020 годзе падчас разгону пратэстаў. З гэтага часу ён жадаў неяк паўплываць на сітуацыю. Таму пасля расейскага ўварвання ва Украіну ён пастанавіў пайсці ў ЗСУ.

«9 жніўня я пачуў стрэлы, выбухі, адчуў газ, пачуў, як крычаць людзі, якіх забіваюць. І потым, калі я бачыў наступствы, калі мае сябры выходзілі з Акрэсціна, я разумеў, што не магу пакінуць гэтага, адмежавацца, я павінен рабіць нешта», – тлумачыць Хобіт.

Гісторыі
«Дык хто тут фашысты?..» Паразмаўлялі з беларускім байцом-каліноўцам Хобітам
2022.06.18 08:05

Мы сустрэліся з нашым героем у Вільні, дзе ён жыве амаль год пасля вяртання з Украіны. Наступствы вайны пражывае і цяпер. Хобіт кажа, што беларускае грамадства сутыкнецца з праблемаю былых франтавікоў і былых палітвязняў. І тыя, і другія ў сваім часе выпалі з грамадскага жыцця на некалькі гадоў.

«Гэта будуць сотні і тысячы людзей, і мы павінныя ведаць, што і як рабіць, як інтэграваць іх у грамадства», – кажа Хобіт пра ветэранаў баявых дзеянняў і вызваленых палітычных вязняў.

Па-першае, гэтым людзям спатрэбіцца фізічная рэабілітацыя. Шмат хто з ваяроў сутыкаецца з наступствамі кантузіяў, з траўмамі, аскепкамі, раненнямі, ампутацыямі.

Па-другое, спатрэбіцца псіхалагічная рэабілітацыя.

Хобіт заклікае падтрымліваць тых, хто змагаецца з рашыстамі, у тым ліку распаўсюдам інфармацыі пра барацьбу за вольную Беларусь.

«Трэба падтрымліваць нашых хлопцаў, нягледзячы на тое, дзе яны служаць. Трэба падтрымліваць ЗСУ, трэба распаўсюджваць інфармацыю і рыхтавацца да вызвалення Беларусі. Жыве Беларусь! Слава Украіне!» – кажа Хобіт.

Падрабязней пра тое, якімі вернуцца беларусы з вайны, – у новым выданні «Ваяроў».

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.