Аўкцыён па продажы трохпакаёвай кватэры Сяргея і Святланы Ціханоўскіх адбыўся ўчора, 26 ліпеня. Кватэра знаходзіцца ў Менску па праспекту Незалежнасці.
Аўкцыён працягваўся 13 гадзінаў, падчас якога ўдзельнікі некалькі разоў падвышалі стаўкі адзін аднаго. У выніку кватэру прадалі за 203,6 тысяч рублёў. Першапачатковая стаўка была 171, 8 тысяч рублёў.
Да гэтага ўлады два разы спрабавалі прадаць кватэру, але пакупнікі не знаходзіліся.
Паводле сайту аўкцыёну, у кватэры зарэгістраваныя жыхары, у тым ліку непаўнагадовыя дзеці. Плошча кватэры – 66 квадратных метраў, прадавалася яна разам з убудаванай кухняй і шафай-купэ.
Нагадаем, Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжымуу 14 снежня 2021 года. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. Святлана Ціханоўская была вымушана пакінуць Беларусь у жніўні 2020 года, праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў.
У верасні мінулага года Святлана Ціханоўская паведамляла, што іхную з Сяргеем менскую кватэру арыштавалі. У ёй апісалі ўсё – аж да акварэльных фарбаў дзяцей, каб прадаць і сабраць грошай у казну, пісала тады Святлана.
Алена Рувіна belsat.eu