«Ядравая зброя ў Беларусі размяшчаецца супраць волі народу». Заява Аб’яднанага пераходнага кабінета


Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі апублікаваў заяву, у якой канстатуе незаконнасць дзеянняў рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна датычна размяшчэння ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі, і заклікае міжнародную дэмакратычную супольнасць падтрымаць беларускі народ у барацьбе за незалежнасць і суверэнітэт Беларусі.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: apostrophe.ua

Прыводзім поўны тэкст заявы:

«a) Прымаючы пад увагу заяву прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі,

б) нагадваючы аб незаконнасці ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пасля яго паражэння на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г.,

в) у сувязі з агрэсіяй Расейскай Федэрацыі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны,

г) адзначаючы факт выкарыстання Расейскай Федэрацыяй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для акту агрэсіі супраць Украіны насуперак волі беларускага народу,

д) пацвярджаючы імкненне беларускага народу да бяз’ядравага статусу Беларусі, выказанае ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 1990 года, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 года і ў Мемарандуме аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Рэспублікі Беларусь да Дагавора аб нераспаўсюджанні ядравай зброі 1968 года ад 5 снежня 1994 года (Будапешцкі мемарандум),

е) нагадваючы аб гарантыях павагі незалежнасці, суверэнітэту, дзяржаўных межаў, непрымянення сілы і эканамічнага ціску, прадстаўленых Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам,

ж) прымаючы пад увагу абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па Дагаворы аб нераспаўсюджанні ядравай зброі ад 1 ліпеня 1968 года, уключаючы абавязацельствы, згаданыя ў Будапешцкім мемарандуме, а менавіта: вывесці ўсю ядравую зброю са сваёй тэрыторыі,

з) пацвярджаючы міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па нераспаўсюджанні ядравай зброі,

і) нагадваючы аб раней заяўленых патрабаваннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета да Расейскай Федэрацыі аб неадкладным і поўным вывадзе ўсіх яе войскаў і ваенных абʼектаў з тэрыторыі Беларусі,

к) адзначаючы неад’емнае права беларускага народу на самаабарону Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са Статутам ААН, Аб’яднаны Пераходны Кабінет:

Прызнае, што размяшчэнне ядравай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адбываецца супраць волі беларускага народу.

Заяўляе, што Расейская Федэрацыя парушае свае абавязацельствы перад Рэспублікай Беларусь па павазе незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Заяўляе, што рэжым Лукашэнкі і Расейская Федэрацыя парушаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі ў адпаведнасці з Дамовай аб нераспаўсюджанні ядравай зброі.

Канстатуе, што ніякіх гарантый павагі незалежнасці, суверэнітэту, дзяржаўных межаў, непрымянення сілы і эканамічнага ціску, прадстаўленых Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам, больш не існуе.

Прызнае, што народ Беларусі мае права абараняць свой суверэнітэт і незалежнасць усімі даступнымі сродкамі.

Заяўляе, што любое прымяненне сілы Расейскай Федэрацыяй супраць беларускага народу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь будзе ўяўляць сабой акт агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам.

Заклікае міжнародную супольнасць, у прыватнасці Еўрапейскі Саюз, Злучаныя Штаты Амерыкі, Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірландыі, Канаду, Японію, іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, у мандат якіх уваходзіць падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, прыняць усе магчымыя меры для аказання дапамогі беларускаму народу ў абароне незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Варшава, Вільня, 17 чэрвеня 2023 г.».

Hавiны
Ціханоўская прапануе ААН вынесці пытанне размяшчэння ядравай зброі на паседжанне Рады бяспекі
2023.06.17 14:10

Таксама 17 чэрвеня абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заклікала разгледзець пытанне размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі ў рамках Генеральнай асамблеі ААН і Рады бяспекі ААН і ўвесці жорсткія санкцыі супраць уладаў Беларусі.

Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў 16 чэрвеня, што першыя ядравыя зарады ўжо дастаўленыя ў Беларусь, а астатнія будуць дастаўленыя «да канца лета, да канца года».

Каментар
«Галоўнае для іх – абвесціць». Заяву Пуціна пра завоз ядравай зброі ў Беларусь узялі пад сумнеў
2023.06.16 23:45

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў