У Польшчы перакуліўся беларускі аўтобус


Каля Тэрэспалю, адразу па пераходзе польска-беларускага памежнага пункту, аўтобус з пасажырамі сышоў з дарогі і перакуліўся. Перавознік – гомельская фірма. З 49-ці пасажыраў 11 чалавек трапілі ў больніцу. Шпіталізацыя нікому не спатрэбілася.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Цяпер у шпіталі Белай Падляскай – 4 чалавекі. Дзякуй богу, там нічога страшнага няма. Там малодшы 14-гадовы падлетак. Экстраннай нейкай дапамогі не трэба», – распавёў консул Беларусі ў Белай Падляскай Уладзіслаў Хало.

Аўтобус рухаўся з Гомля ў аэрапорт «Модлін», што каля Варшавы. Да месца прызначэння ён не даехаў 239 кіламетраў. Перавознік абяцае вярнуць грошы за рэйс:

«Пераканаўчая просьба як бы давесці: калі ў вас там ёсць нейкія знаёмыя, якія паехалі ці яшчэ нешта там, каб яны ўзялі ў паліклініках выпіс, якое лячэнне было зроблена. І па магчымасці, калі ў чалавека была свая нейкая страхоўка, таму што ўсіх абавязваюць страхавацца, звярнуцца ў сваю страхавую кампанію».

Што сталася прычынаю здарэння, пакуль невядома.

Наступствы ДТЗ з аўтобусам з беларусамі. Тэрэспаль, Польшча. 5 ліпеня 2023 года.
Фота: KM PSP w Białej Podlaskiej / tvn24.pl

«Гэта будзе вызначана падчас расследаванняў, што мы праводзім. Пакуль жа мы высвятляем абставіны і збіраем доказы. Мы правялі захады на месцы з удзелам тэхніка-крыміналіста, так што ўсё гэта мы ўстанаўліваем. Кіроўца быў цвярозы, гэта 30-гадовы грамадзянін Беларусі», – паведаміла прадстаўніца паліцыі Белай Падляскай Барбара СальчыньскаПырхля.

Гэта не першае здарэнне. Летась 13-га жніўня ў Польшчы перакуліўся аўтобус, які ехаў з Гомля ў Познань. Тады 3 чалавекі пацярпелі і былі дастаўленыя ў шпіталь. Ужо праз месяц не даехаў да Варшавы аўтобус з Менску. Кіроўца заснуў за стырном – пацярпелі 20 чалавек. У студзені гэтага года ў Люблінскім ваяводстве аўтобус вылецеў са слізкай дарогі. Траўмы атрымалі сямёра чалавек.Нярэдка аварыйныя сітуацыі здараюцца праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Аднак накладае свой след і стомленасць кіроўцаў.

«Калі экіпаж міжнароднага аўтобуса складаецца з двух кіроўцаў, а гэта звычайна, то тады яны павінныя разам ехаць не больш чым 21 гадзіну. І з гэтага 19 гадзінаў – рух. І кожны пасля гэтага павінен адпачыць не менш чым 9 гадзін», – патлумачыў кіраўнік аўташколы «Denis Drive» у Варшаве Дзяніс Герасімчук.

Цяпер паміж Польшчай і Беларуссю працуе толькі адзін пункт пропуску. На якім даводзіцца прастойваць у чарзе амаль палову содняў. Вось, што кажуць пасажыры:

«З польскага боку – 6 гадзінаў. З беларускага – 2,5 гадзіны. 10 гадзінаў з паловаю недзе. Надта доўга, спякотна».

І пры гэтым прастой у чаканні нельга лічыць адпачынкам для кіроўцаў. Але апытаныя намі асобы сцвярджаюць, што грубых парушэнняў правілаў перавозу пасажыраў з боку кіроўцы яны і не заўважалі:

«Кіроўцы малайцы, мяняліся. Дапамагалі нам. Дзе патрэбна што, падказвалі. Тут ніякіх пытанняў да кіроўцаў не было».

Аднак віну найчасцей нясе кіроўца. Гэтак, летась за здарэнне ля вёскі Пётравіна, у якім пацярпелі 39 пасажыраў, кіроўцу пакаралі штрафам.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»