У адміністрацыі Лукашэнкі прызналі складанасці з экспартам


Беларусь адчувае складанасці з ростам экспарту, але галоўная прычына – у адсутнасці ініцыятывы з боку прадпрыемстваў, лічаць у Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Такую думку агучыў у эфіры БТ намеснік кіраўніка Адміністрацыі Аляксандр Ягораў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). Жодзіна, Беларусь. 19 верасня 2022 года.
Фота: sb.by

З ягоных словаў, вытворцы недастаткова актыўна займаюцца прасоўваннем прадукцыі і арганізацыяй сэрвіснага абслугоўвання. Гаворка ў тым ліку пра расейскі рынак, дзе беларускія прадпрыемствы адціскаюцца канкурэнтамі з Кітаю.

Са словаў Ягорава, «з боку ўраду, дзяржавы робіцца ўсё, каб у гэтых вытворцаў была магчымасць гэты тавар рэалізоўваць». Але праблема, з ягоных словаў, не ў тым, што «прадукцыя неканкурэнтаздольная», а ў тым, што «асобныя прадпрыемствы не гатовыя актыўна працаваць на расейскім рынку або не гатовыя даваць дадатковыя паслугі ў выглядзе сэрвісу».

Ягораў разлічвае, што сёлета беларускія прадпрыемствы змогуць нарасціць экспарт за межамі СНД. Хоць, прызнаў ён, «тут ёсць пэўныя цяжкасці».

«Ёсць пытанні падаражэлай лагістыкі, а таксама таго, што ў гэтых краінах неабходна працаваць – немагчыма проста паслаць каталог сваёй прадукцыі і думаць, што хтосьці там гэтую прадукцыю замовіць. Неабходна там жыць, гэта значыць, можа быць, у першы год 250-300 дзён праводзіць у камандзіроўках», – адзначыў чыноўнік.

Падзенне экспарту ў Расею ў пачатку красавіка абмяркоўвалі на нарадзе ў Лукашэнкі. На гэтай сустрэчы прагучала, што пастаўкі беларускіх трактароў на рынак суседняй краіны ў 2023 годзе скараціліся на 18 %. Іх доля ў расейскім імпарце знізілася да мінімуму за апошнія 10 гадоў – да 10,5 %, а грузавых аўтамабіляў – да 6 %. Скараціўся экспарт на рынак РФ і беларускай побытавай тэхнікі. Аб’ёмы паставак лядоўняў і маразільняў упалі амаль удвая.

Hавiны
Прафіцыт вонкавага гандлю Беларусі за год скараціўся амаль у 10 разоў
2024.02.12 11:01

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў