26 чэрвеня ў прасторы «Пад жырандоляй» у Варшаве беларускія акторы чыталі ўспаміны палітвязняў, якія прайшлі праз катаванні ў лукашэнкаўскіх ізалятарах, турмах і калоніях. «Мне яшчэ пашанцавала» – гэта шэсць тэкстаў, якія, як кажа купалавец Алег Гарбуз, мусяць зрабіць нас лепшымі. Імпрэза была прымеркаваная да Міжнароднага дня супраць катаванняў і ладзілася праваабарончым цэнтрам «Вясна».
«Ужо тры гады ў Беларусі працуе бязлітасная машына рэпрэсіяў. Для яе не існуе каштоўнасцяў чалавечага жыцця і годнасці. Яна наладжаная так, каб ламаць лёсы людзей і ўсё чалавечае ў іх.
Кажуць, што гімн у таталітарнай краіне складаецца з крыкаў ад катаванняў, але гімн нашай краіны сёння – гэта хвіліны маўчання… Бо мы не чуем галасоў палітвязняў, таму што іх запалохваюць і трымаюць у жахлівых умовах, у рэжыме інкамунікада. Мы не можам гэтага дапусціць», – сказала, адкрываючы чытанні, праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук.
Паводле праваабаронцы, праз катаванні прайшлі дзясяткі, а можа, і сотні тысячаў беларусаў і беларусак.
Катаванні любяць цішыню, таму мы мусім гаварыць, зазначыла Дзіяна Пінчук, даючы слова акторам. Тэксты пра катаванні чыталі беларускія артысты Алег Гарбуз, Юлія Шаўчук, Дар’я Новік, Андрэй Саўчанка, Крысціна Дробыш і Канстанцін Шульга.
Асаблівую атмасферу стварала музыка ў выкананні Эрыка Арлова-Шымкуса, што гучала на фоне гісторыяў, вялізная жырандоля пад столлю і цвёрды позірк Паўла Севярынца з партрэта на сцяне памяшкання. Партрэт палітвязня месяц таму напісаў з фотаздымка мастак Яраслаў Кірвель, які працаваў і на гэтай імпрэзе (гэтак жа цвёрда абяцае дакументаваць і на будучых судах над лукашэнкаўскімі катамі).
«Памятаю, як я прачнуўся сярод ночы ад холаду. Я падышоў да батарэі, схапіўся за яе рукамі – і заснуў, павіснуўшы на ёй…» – чытае сведчанні былога палітвязня Андрэя Шляпава купалавец Алег Гарбуз.
Эпізод, калі Андрэй Шляпаў сядзіць перад следчым з мокрымі шкарпэткамі ў руках, падаецца настолькі нерэальным і абсурдным, што жырандоля над галовамі прысутных пачынае паміргваць. І дарэмна, гэта ніякі не сцэнар для крымінальнага серыялу – гэта беларуская рэчаіснасць.
«Калі ты там, то асноўная задачы – выжыць і выйсці фізічна і маральна здаровым. Калі выйшлі з суда, дзе мне прызначылі тры гады «хіміі», паехалі з бацькам у СІЗА забіраць рэчы. Калі выйшлі з машыны, бацька пабачыў, што са мной штосьці не так. Я кажу яму: «Тата, я за паўгода больш за шэсць крокаў наперад не рабіў». Мне нязвыкла было проста ісці наперад…» – актор робіць паўзу, быццам насамрэч не можа зрабіць ані кроку наперад…
Аповед ананімнай беларускай праграмісткі ў выкананні акторкі Свабоднага тэатру Юліі Шаўчук таксама гучыць як выдуманы сцэнар нейкага турэмнага хорару. Але ж не: гэта праўда.
«Адзін супрацоўнік да мяне падышоў і сказаў: «Знаешь, малая, какая у меня самая большая мечта? Я хочу, чтобы вас всех тёлок собрали в один большой отряд, отправили на Украину и чтоб вас там расхе…ли бомбой на миллион частей. – Выдатныя ў вас мары, – адказала я», – чытае Юлія Шаўчук сведчанні былой палітзняволенай.
Цытаваць такое балюча, прамаўляць – яшчэ цяжэй. А як гэта пражываць? Як?.. Актор Андрэй Саўчанка, які на сваёй скуры зведаў, што такое спаць на шконцы, зладзіў перформанс з аповеду пра шклоўскую калонію.
«У шклоўскай калоніі да палітвязняў ставяцца як да ваеннапалонных. Як да чагосьці чужароднага. Як маньяк ставіцца да сваёй ахвяры. Толькі ваеннапалонныя абароненыя Жэнеўскай канвенцыяй, а палітычныя – безабаронныя», – гучыць голас актора. Гучыць быццам адтуль.
Акторка Дарʼя Новік, чытаючы гісторыю былой палітзняволенай Вольгі Класкоўскай, не вытрымлівае. Плача. І не толькі яна.
«Ад пераахалоджвання ў мяне пачынаўся крывацёк. Пры гэтым дадатковую бялізну прасіць забаранялі. Мае ўласныя пракладкі выдавалі па адной – пад настрой. Вымыцца немагчыма – вада ледзяная. У мяне кроў цячэ па нагах – а яны глядзяць. Я вымушаная была прасіць рабіць уколы для спынення крыві. Але для гэтага трэба было прасунуць ягадзіцы праз кармушку, бо зайсці да мяне яны не маглі… І вось ты, акрываўленая, пад відэакамерамі, лезеш у гэтае раздаткавае акно…» – голас Дарʼі Новік зрываецца.
Сведчанні адной з палітзняволеных у «справе Зельцара» чытала акторка і заснавальніца праекту «Кніжны воз» Крысціна Дробыш.
«Мы насамрэч былі як у палоне. Што зробяць гэтыя маньякі далей – мы не ведаем», – чытала Крысціна Дробыш.
Ужо пасля імпрэзы, стоячы каля століку з напісанымі лістамі да палітвязняў, Крысціна Дробыш прызналася нам, што ад болю, якім прасякнутыя тэксты былых палітзняволеных, яе ратуе выключна прафесійны – акторскі – навык трымаць дыстанцыю.
«Вельмі тонкі момант: перадаць – але самому не патануць у гэтым болю», – кажа Крысціна.
«Сёння важна, каб іншыя зразумелі маштаб гэтага жаху. Бо я сутыкаюся з тым, што мне кажуць: так, я ведаю пра палітвязняў і катаванні, але, ну, увогуле. Але тут рэальныя людзі з рэальным жыццём. А кагосьці ўвогуле ўжо няма. Таму чым больш ачалавечваецца, персаналізуецца такая гісторыя, тым больш гэта даходзіць да іншых. Бо ведаю людзей, якія вельмі перажываюць і ўсё такое, але нават не ведаюць, што такое ШІЗА», – дадае Крысціна Дробыш.
Прызнаецца таксама, што, калі па-людску, яе вельмі разанула ў адной з гісторыяў сведчанне пра бацюшку-святара – былога аператыўніка, да якога дагэтуль ходзяць стукачы («Такая хітрушчая схема!»). А яшчэ – расповед актора Канстанціна Шульгі, які распавядаў на імпрэзе ўласную гісторыю катаванняў. Нават не тое, пра што распавядаў, а як ён гэта рабіў.
«Яго вельмі хацелася абняць у той момант», – падзялілася Крысціна.
«Цяпер я тут. Стараюся жыць з усмешкай. Таму што я не проста веру, што ўсё будзе добра. Я ведаю пра гэта.
І я заклікаю вас захоўваць гэтае святло, гэтую ўсмешку. Калі я быў у турме, я хацеў, каб так рабілі людзі, якія цяпер у эміграцыі. І я ўпэўнены, што кожны чалавек у турме хоча, каб мы пасміхаліся. Усё будзе добра. Жыве Беларусь!» – так скончыў свой расповед былы палітвязень і актор Канстанцін Шульга.
Актор Алег Гарбуз таксама мяркуе, што чытанне гэтых страшных тэкстаў не мела на мэце, каб усе слухачы ўзялі на сябе пакуты («Жыццё ў пакутах – гэта не жыццё, і пакутаваць не трэба нікому»). Мэта іншая – суперажыванне і эмпатыя, якія робяць нас лепшымі.
«І тое, што мы зрабілі такія пасядзелкі, на якіх пагаварылі галасамі людзей, якія не могуць сюды прыйсці, гэта робіць нас лепшымі. А тым, хто слухаў наш стрым, як кажуць, «по долгу службы», мы нагадалі, што беларусы памятаюць пра іх. І я думаю, што для іх гэта было непрыемна. І я таксама думаю, што пакутаваць мусяць тыя, хто ўсё гэта робіць для звычайных беларусаў – за гэта іх спасцігне непазбежная кара. І я хачу, каб гэта здарылася як мага хутчэй. Вось хто мусіць пакутаваць. Мы – не мусім», – кажа пасля імпрэзы Алег Гарбуз.
Дзясяткі напісаных лістоў у беларускія турмы і калоніі, нязломны позірк Севярынца, усмешка на вуснах мастака Яраслава Кірвеля, усмешка Крысціны Дробыш, цёплая далонь Дзіяны Пінчук. І жырандоля над галавой. Як сказаў на выхадзе адзін з наведнікаў: «Цяжка гэта ўсё, але мы – моцныя».
«Ведаеце, цяжкасць якраз у тым, як гэта асэнсаваць і што з гэтым рабіць. Я веру ў тое, што распаўсюд такіх звестак, згадкі пра катаванні – гэта важна. Менавіта для таго, каб асэнсаваць сябе ў гэтай сітуацыі, у якой мы апынуліся», – кажа на развітанне аўтару гэтых радкоў актор Андрэй Саўчанка.
Імпрэза ў прасторы «Над жырандоляй», якой апякуецца Рух беларускай салідарнасці, прайшла ў межах Тыдня супраць катаванняў, прысвечанага катаванням палітвязняў у Беларусі і прымеркаванага да Міжнароднага дня падтрымання ахвяраў катаванняў, што адзначаўся ва ўсім свеце 26 чэрвеня. Імпрэзу ў Варшаве арганізаваў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Зміцер Міраш