У Кіеве эвакуююць шпіталі, якія Церцель згадаў у сваёй прамове


У Кіеве пасля словаў кіраўніка КДБ Івана Церцеля, пра «пакаранне», якое чакае тэрарыстаў, што схаваліся ў шпіталях, пачалі эвакуацыю гэтых самых шпіталяў па вуліцы Багатырскай. Адзін з іх – дзіцячы.

Эвакуацыі з кіеўскай дзіцячай лякарні, якая праходзіць пасля словаў Івана Церцеля пра пакаранне «тэрарыстаў».
Фота: Новины. Live

Словы Івана Церцеля ў Кіеве ўспрынялі як анонс удару па лякарнях, таму, «каб абараніць хворых дзяцей, іх бацькоў і медычны персанал, улада сталіцы зараз робіць усё магчымае, каб перавезці пацыентаў і медыкаў у іншыя медычныя ўстановы сталіцы».

Гаворка вядзецца пра словы, сказаныя кіраўніком КДБ Беларусі падчас учорашняга пасяджэння УНС, на якім ён пагражаў пакараннем «тэрарыстам», назваўшы нават месца, дзе яны хаваюцца.

«Усе гэтыя людзі і іхныя планы нам вядомыя. У барацьбе з тэрарызмам дзейнічаем па законах ваеннага часу, без ваганняў. Сярод тэрарыстаў і іхных памагатых ёсць забітыя і параненыя, без сумневу, іх дагоніць заслужанае пакаранне, нават нягледзячы на тое, што сваім логавам яны абралі кіеўскія шпіталі па адрасе Багатырская 30 і 32, дзе схаваліся за спіны хворых дзяцей», – сказаў Іван Церцель.

У той жа час у Кіеве адзначылі, што словы Церцеля – «гэта абсалютная хлусня і правакацыя ворага, якую ён імкнецца выкарыстаць для ўдару па сацыяльнай інфраструктуры сталіцы».

«Горад звярнуўся ў СБУ, Міністэрства аховы здароўя па дапамогу і праінфармаваў аб мерах, якія прымаюцца для захавання жыцця і здароўя пацыентаў і персаналу шпіталяў», – паведамілі ў кіеўскай адміністрацыі.

Паводле некаторых украінскіх СМІ, эвакуююць таксама і кіеўскую скурна-венералагічную лякарню, якая знаходзіцца непадалёк ад двух шпіталяў па вуліцы Багатырскай.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў