Ці паўторыць Харкаў лёс Марыупалю?

Не праходзіць ніводнага дня, каб Харкаў не згадваўся ў вайсковых зводках. Горад бамбуюць з паветра, абстрэльваюць ракетамі. У горадзе штодня адключаюць электрычнасць, бо разбураная энергетычная інфраструктура. Часта няма вады. Цяпер яшчэ і тэлевышка, якую расейцы збілі ракетай Х-59 за некалькі хвілінаў да размовы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абломкі Харкаўскай тэлевежы пасля расейскага ўдару на ўскраіне Харкава, Украіна. 22 красавіка 2024 года.
Фота: Vyacheslav Madiyevskyy / Reuters / Forum

Прэзідэнт Украіны назваў гэта акцыяй запалохвання і чарговай спробай абмежаваць горад у сувязі. А сувязь патрэбная як ніколі. Бо сем’ям патрэбны сталы кантакт. Калі бацькі жывуць у адным мікрараёне, а дзеці ў іншым, то падчас паветранай трывогі, асабліва, калі ёсць інфармацыя пра траплянні і разбурэнні, сувязь неабходная ў першую чаргу.

На фоне усё часцейшых абстрэлаў і без таго вельмі цяжкіх абставінаў на фронце некаторыя жыхары Харкава з’яжджаюць з гораду, каб перачакаць гэты жах у бяспечнейшым месцы. Па-людску гэта цалкам зразумела. Падштурхнуць ехаць са сваіх кватэраў у іншыя рэгіёны краіны ці за мяжу могуць нават значна менш інтэнсіўныя абстрэлы. Але ніякага загаду наконт эвакуацыі не было. Людзі застаюцца ў горадзе. А гэта сотні і сотні тысяч жыхароў.

Калі ўсім адначасова сарвацца з месца, гэта ж будзе яшчэ столькі ж і хатніх гадаванцаў – катоў, сабакаў, нават хамячкоў. Прынамсі, жыццё нам гэта ўжо прадэманстравала.

Людзі працягваюць жыць і працаваць у такіх кашмарных умовах. Самі жыхары Харкава называюць свой горад нязломным.

Каб пераканацца ў тым, што яны маюць рацыю, дастаткова прачытаць навіны пра гарадское жыццё. Іх бамбуюць усімі відамі зброі, ім не даюць спаць начамі паветраныя трывогі, яны сядзяць без святла і вады па некалькі гадзінаў, але адкрываеш навіны – і сярод іншага бачыш, што ў парку ад моцнага ветру павалілася дрэва і на фота відаць, як камунальнікі распілоўваюць ствол і прыбіраюць галінкі з прагулачных дарожак, каб людзі маглі гуляць і атрымліваць асалоду ад квітнення бэзу. Пра які ўвогуле захоп гораду можа пасля гэтага ісці гаворка?! Каго сабраліся напалохаць збітай тэлевышкай?!

Hавiны
Расейская армія нанесла ўдар па тэлевежы ў Харкаве
2024.04.22 18:39

Аналітыкі тым часам працягваюць сцвярджаць, што Пуцін апантаны ідэяй абязлюдзіць Харкаў. Калі толькі абязлюдзіць, то тады не бамбілі б так інтэнсіўна жылыя масівы. Дастаткова было б знішчэння інфраструктуры. З усяго відаць, што агрэсары ствараюць людзям такія невыносныя ўмовы, пры якіх жыццё стане немагчымым. Уладзімір Зяленскі кажа, што, калі найбліжэйшым часам не прыйдзе дапамога Захаду, то расейцы могуць зрабіць з Харкавам тое ж, што ў свой час зрабілі з Алепа ў Сірыі.

Тым часам у горадзе па-ранейшаму застаюцца каля паўтара мільёна асобаў.

Становішча вельмі цяжкое. Што да тэлевышкі, то расейцы спрабавалі збіць яе яшчэ ў 2022 годзе. Тады на яе скідвалі бомбы, але безвынікова. Вышка выдужала. Гэта быў самы высокі абʼект у горадзе – 240 метраў. Яе ўдалося збіць 22 красавіка, але наступствы, са словаў кіраўніка Харкаўскай абласной адміністрацыі Алега Сынегубава, ліквідуюць да гэтага часу. Пакуль разбіраюць завалы і ацэньваюць стан абсталявання. Пры гэтым ён робіць аптымістычныя прагнозы, бо большасць жыхароў Харкава і прадмесцяў маюць спадарожнікавае і кабельнае тэлебачанне. Цяпер у нармальным рэжыме працуюць мабільная сувязь і інтэрнэт. Намеціўся нават прагрэс – электрычнасці няма 4 гадзіны на содні. Усё ж гэта ўжо не поўная яго адсутнасць.

Вайсковыя эксперты мяркуюць, што наступ расейскіх войскаў на Харкаў можа пачацца неўзабаве. Страта Харкава азначала б страту паўднёвага ўсходу Украіны. Але апошнія падзеі (калі стала відавочна, што Захад не пакіне Украіну ў такім цяжкім становішчы сам-насам з узброеным да зубоў ворагам) даюць спадзеў на вызваленне.

Менавіта вызваленне, бо замарожаны канфлікт немагчымы ўжо хаця б таму, што гэта не будзе задавальняць ніводзін з бакоў.

Данбас ператварыўся ў поле бою, і яго загінулыя гарады нагадваюць цяпер жудасныя кадры з фільмаў пра апакаліпсіс. Данбас акупанты раўнуюць з зямлёй і ўвесь свет сочыць за гэтай трагедыяй. Дапамога дае пратрымацца і не пускаць ворага прасоўвацца ўглыб тэрыторыі. Харкаў месціцца побач і ён апынуўся сёння на перадавой. Гэта азначае, што ён можа адчуць на сабе найбліжэйшым часам яшчэ мацнейшыя ўдары. Усе спадзевы цяпер на дапамогу Захаду.

Вельмі хочацца, каб эфектыўная СПА абараніла людзей і будынкі, у якіх яны жывуць, ад разбурэння. Хочацца верыць, што своечасовая дапамога можа дапамагчы дабіцца пералому ў гэтай вайне. Людзі вельмі стаміліся, але яны не здаюцца. Яны заслужылі адпачынку і спакойнага нармальнага жыцця. Усе людзі.

Меркаванні
Ратуйце Харкаў! Сёння гэта не проста горад
2024.04.09 16:41

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў