Прысуд 27-гадовай палітзняволенай Ксеніі Ходыравай агучылі 16 лютага ў Менскім гарадскім судзе, паведамляе «Вясна». Вырак: 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Ксенію затрымалі 10 кастрычніка 2023 года за данаты.
Справу Ксеніі Ходыравай разбірала так званая суддзя Святлана Макарэвіч. Яна прызнала падсудную вінаватай у «фінансаванні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК) і «фінансаванні ўдзелу ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы » (ч. 2 арт. 361-3 КК). Прысуд – 5 гадоў зняволення.
Праваабаронцы зазначаюць, што ў справе адбылося тры судовыя пасяджэнні, але ніякай інфармацыі пра іх няма.
Ксенія Ходырава была затрыманая 10 кастрычніка 2023 года. Дзяўчыну ўтрымлівалі спачатку ў СІЗА КДБ, потым – у СІЗА № 1. Яе прызналі палітзняволенай.
Ксенія – выпускніца факультэту сацыякультурных камунікацыяў БДУ. Яе адзначалі ў намінацыі «Найлепшы выпускнік БДУ – 2018» і запрашалі на рэктарскі бал выпускнікоў. Па заканчэнні БДУ дзяўчыну размеркавалі на працу ў Музей фізічнай культуры і спорту. Адначасова яна вывучала кітайскую мову ў Класе Канфуцыя (цяперашні Інстытут Канфуцыя). Займалася танцамі, гуляла ў футбол у аматарскай камандзе «KrumkaCheeks» і заўзела за «Крумкачоў».
Зміцер Міраш belsat.eu