Туркменістан, Узбекістан і рэгіёны Расеі – вось дзе ў гэтым сезоне прапаноўваюць адпачыць беларусам.
Выехаць з Беларусі сёння сапраўды няпроста: складана зрабіць візу, усё гэта каштуе грошай, якіх у большасці не так шмат, ды і самалёты не лятаюць у большасць краінаў свету.
Не дапамагае і тое, што нашая краіна мае бязвізавыя дамовы з 84 дзяржавамі, бо трапіць у большасць з іх вельмі праблематычна. Напрыклад, Албанія. У летні перыяд грамадзянам Беларусі ў гэтую краіну віза не патрэбная, але без шэнгенскай візы туды можна трапіць, толькі паляцеўшы спачатку ў Турцыю, а з яе ў Албанію. Такі пералёт у адзін бок абыдзецца мінімум у тысячу долараў.
Можна паляцець у Дубай ці Дэлі, але гэта выйдзе яшчэ складаней і даражэй, таму беларусам прапаноўваюць варыянты прасцейшыя: Узбекістан, Туркменістан, Турцыя і два рэгіёны Расеі (Карэлія і Салаўкі). Усе краіны з рэжымам, далёкім ад дэмакратыі (напэўна, каб нашыя людзі адчувалі сябе як удома).
Мабыць, толькі Турцыя можа пахваліцца якасным і недарагім адпачынкам, але ў вас наўрад ці атрымаецца ўкласціся ў меней чым тысячу еўраў на чалавека. Цікава, што экскурсія ў расейскія рэгіёны разлічаная максімум на два дні.
Раней у беларусаў быў выдатны варыянт – Украіна. Тысячы нашых суайчыннікаў ездзілі на Чорнае і Азоўскае мора ў суседнюю краіну, але ўжо трэці год там ідзе вайна. Гэты кірунак, на жаль, яшчэ доўга нельга будзе назваць турыстычным.
Не грэбавалі беларусы і анексаваным Крымам, дзевяць апошніх гадоў аўтобусы з Беларусі праз Расею актыўна ездзілі на акупаваную тэрыторыю, але пасля леташніх прылётаў колькасць ахвочых рэзка зменшылася.
Беларускія фірмы працягваюць прадаваць туры ў Крым, але пакуль не ведаюць, што рабіць далей з гэтым кірункам. Як расказаў адзін прадстаўнік беларускай турфірмы: ніякіх гарантыяў бяспекі даць не можам, і пакуль няма рашэння, што рабіць з гэтым кірункам.
Заўважыў апошнім часам, што пытанне пра адпачынак злуе нават тых беларусаў, якія могуць сабе дазволіць паездку на мора.
«Куды я паеду ў адпачынак? Як заўсёды на градкі», – адказаў знаёмы беларус з невялікага мястэчка.
«Я ўжо дзесяць гадоў у адпачынку не быў. Куды можна паехаць з заробкам у дзвесце пяцьдзясят долараў?» – пытае яшчэ адзін суразмоўца. З ім цяжка не пагадзіцца. Я ведаю шмат беларусаў, якія гадамі не могуць дазволіць сабе ніякага адпачынку.
Дарэчы, шмат хто з тых, хто з’ехаў з краіны, таксама ледзьве зводзіць канцы з канцамі.
«У Беларусі ў калоніі за 2020 год сядзеў, добра, што цяпер на волі, нядаўна прыехаў, з цяжкасцю выжываю, хаця паехаць у цёплыя краіны мне вельмі хацелася б», – распавёў былы палітычны зняволены, якія цяпер жыве ў Літве.
Ёсць яшчэ адна катэгорыя беларусаў, якая лічыць, што нельга ездзіць адпачываць, пакуль палітвязні ў турме, а некаторыя беларусы ваююць ва Украіне. Вядома, калі вы зрабілі такі выбар, гэта вашае права. Але вашая адмова ад адпачынку не моцна дапаможа гэтым людзям і хутчэй нашкодзіць вам.
Часам танныя варыянты адпачынку ляжаць у вас літаральна пад бокам, проста трэба іх пашукаць. Нават калі няма магчымасці паехаць на мора ці ў горы, схадзіце ў лес ці на найбліжэйшае возера і проста змяніце абстаноўку. Адпачываць вельмі важна для вашага псіхічнага і фізічнага здароўя.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.