У базе даносаў КДБ знайшлі яшчэ адную кандыдатку ў Каардынацыйную раду – ці проста цёзку?


Ад імя Вольгі Цішкевіч скардзіліся на Эдуарда Пальчыса і беларускі анальгін. Ці гэта тая самая Вольга Цішкевіч, якая ідзе на выбары ў Каардынацыйную раду ў спісе «Салідарнасць»? Лідар спісу кажа, ідзе правяранне. А фота жанчыны, якая даносіла ў КДБ, не падобныя да фота кандыдаткі.

Будынак Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Менск, Беларусь. 21 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

У базе даносаў у Камітэт дзяржаўнай бяспекі, здабытую і апублікаваную «Кіберпартызанамі», «Альянс расследавальнікаў Беларусі» знайшоў даносы ад імя Вольгі Уладзіміраўны Цішкевіч. Менавіта так зваць кандыдатку ў Каардынацыйную раду са спісу «Салідарнасць» і сябру «Народнай грамады».

Першы данос ад Вольгі Цішкевіч у 2018 годзе годзе быў скаргай на якасць беларускіх лекаў: анальгіну і цытрамону. Другі ў тым жа годзе быў на Эдуарда Пальчыса – блогера і цяперашняга палітычнага зняволенага. У 2018 годзе ад імя Вольгі Цішкевіч у КДБ прыйшла просьба «прыняць захады» ў сувязі з тым, што Пальчыс збіраўся ўзяць удзел у ток-шоу на тэму расейскай прапаганды.

Эдуард Пальчыс.
Фота: Spring96.org

Альянс расследавальнікаў з звязаўся кандыдаткай у КР. Яна адказала, што «не пісала нічога на Эдуарда Пальчыса, а ейны камп’ютар быў у суседа, які „ябацька“».

Расследавальнікі таксама адзначаюць, што і наводніца, і кандыдатка – з Магілёву.

Са спісу «Салідарнасці» ўжо выключылі адную асобу, імя якой з’явілася ў базе даносаў: хтосьці пад імем Павел Бялюцін пісаў данос на палітвязня Мікалая Аўтуховіча, таму «Народная грамада» прыпыніла сяброўства свайго Паўла Бялюціна ў партыі і выключыла яго з выбарчага спісу.

«Народная грамада» 1 траўня апублікавала заяву наконт прыпынення ўдзелу Вольгі Цішкевіч у партыі і выдаленні яе з партыйных чатаў. У заяве не згадваецца ўдзел Цішкевіч у выбарах у КР.

На фота акаўнту наводніцы – іншая жанчына. Але гэта яшчэ нічога не значыць

Але ці не цёзка гэта? Імя і прозвішча распаўсюджаныя: напрыклад, толькі ў Instagram ёсць тры дзясяткі асобаў, якія падпісаліся такімі імем і прозвішчам, у VK – сем дзясяткаў.

У даносах ад імя Вольгі Цішкевіч быў пазначаны нумар тэлефону. «Белсат» знайшоў Telegram-акаўнт, прывязаны да гэтага нумару. Гэты акаўнт пад нікнэймам «Моховка» ўваходзіў у чаты «Гродно 97%» і «Я выхожу/МКБ», пазначаў магілёўскі адрас.

Цяпер акаўнт падпісаны як «Алена». У ім чатыры фота профілю, на іх адна і тая ж жанчына. Але гэтая жанчына не падобная да той Вольгі Цішкевіч, якая балатуецца ў Каардынацыйную раду (і публікуе свае здымкі на Facebook). На гэтым акаўнце не адказалі на пытанні «Белсату», выдалілі паведамленне з пытаннямі.

Лідар спісу «Салідарнасць» Яўген Вільскі расказаў «Белсату», што цяпер адносна Вольгі Цішкевіч ідзе правяранне, бо «пакуль шмат несастыковак». Ён таксама сказаў, што на фота з акаўнту, прывязанага да нумару тэлефону з даносаў, не Вольга Цішкевіч.

У Выбарчай камісіі ў справе  выбараў у Каардынацыйную раду «Белсату» пацвердзілі: жанчына на фота і блізка не падобная да кандыдаткі са спісу «Салідарнасць».

Ды нумар тэлефона мог змяніць уладальніцу: беларускія мабільныя аператары перадаюць нумары, якімі не карыстаюцца. Напрыклад, МТС вымае нумар тэлефона пасля 180 дзён без зменаў на балансе рахунку ці пасля 60 дзён пасля прымусовага блакавання. Такім чынам нярэдка «ажываюць нябожчыкі»: нумары памерлых перадаюць жывым, сваякі памерлага атрымліваюць паведамленні, што нябожчык, напрыклад, «зарэгістраваўся ў Viber».

Вольга Цішкевіч, якая балатуецца ў КР, пакінула Беларусь між чэрвенем 2021 года і траўнем 2022-га, мяркуючы з фота на Facebook. «Алена» ў Telegram запампавала першы здымак у кастрычніку 2022-га. Такім чынам, акаўнт мог змяніць уладальніцу, калі быў прывязаны да нумару тэлефону, што змяніў уладальніцу і не быў абаронены другім сродкам аўтэнтыфікацыі.

Даносы ў 2018 годзе магла пісаць, адпаведна, не «Алена» з Telegram, а Вольга Цішкевіч. Або зусім іншая асоба, якая падпісаўся як «Вольга Цішкевіч» і пазначыла чужы нумар тэлефону і адрас.

Якраз у 2018 годзе Вольга Цішкевіч кантактавала з прыхільнікам расейскага неанацысцкага руху «НОД» Аляксеем Галавіным – «Наша ніва» звяртала ўвагу на фота, на якім Галавін абдымае Цішкевіч, загорнутую ў бел-чырвона-белы сцяг. «НОД» меў выразна антыбеларускую ідэалогію, а Пальчыс, на якога быў напісаны данос ад імя Цішкевіч, якраз змагаўся з антыбеларускімі рухамі і збіраўся выступаць на ток-шоу пра расейскую прапаганду.

Звестак пра адрас электроннай пошты, з якога адпраўлялі данос у КДБ ад імя Вольгі Цішкевіч, знайсці не ўдалося.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 12:00

***

Новы склад Каардынацыйнай рады маюць выбраць праз онлайн-галасаванне 25–27 траўня. Галасаваць прапаноўваюць не за асобаў, а за спісы – як на парламенцкіх выбарах у шэрагу краінаў. Вынікі выбараў маюць абвясціць 8 чэрвеня, першае паседжанне новага склікання КР плануюць правесці 15 чэрвеня. У выбарах, якія зладзяць праз інтэрнэт, змогуць удзельнічаць грамадзяне Беларусі як на тэрыторыі краіны, так і ў эміграцыі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў