Падрыў цягніка: Было тры выбухі, адзін падазраваны знойдзены  


У тэлеграм-канале «Baza» з’явіліся новыя падрабязнасці выбуху на чыгунцы, у выніку якога сышлі з рэек 7 вагонаў цягніка, які рухаўся з Гомля ў Бранск.

Вагоны цягніка, які сышоў з рэек у выніку дыверсіі ў Бранскай вобласці. 1 траўня 2023 года.
Фота: https://t.me/breakingmash

Выбуховае прыстасаванне было ўсталяванае ў трох месцах, пра што сведчаць тры пункты кантакту, знойдзеныя на цягніку.

Магутнасць асноўнага выбуху складала 10 кілаграмаў у тратылавым эквіваленце. Два іншыя выбухі ацэньваюцца на 200 грамаў у тратылавым эквіваленце.

Паводле ацэнак, выкладзеных у тэлеграм канале, людзі, якія падрывалі цягнік, доўга сачылі за чыгуначным палатном. Бо недалёка ад месца здарэння былі знойдзеныя 2 недапалкі, 2 пустыя пачкі ад цыгарэт, пустая бляшанка ад піва і ўпакоўка ад супу хуткага прыгатавання «Ролтан». Побач таксама ляжалі фрагменты абгарэлай электраправодкі і мядзяныя фрагменты дратоў.

У выніку выбуху была разбураная частка рэек даўжынёй каля 6 метраў і 4 бетонныя шпалы. Таксама на месцы выбуху ўтварылася варонка прыкладна 2,5 метра глыбінёю і 1,5 метра шырынёю.

Як паведамляецца, у выніку выбуху з рэек сышоў двухсекцыйны цеплавоз і 5 вагонаў. Цеплавоз і 4 вагоны згарэлі. З бакаў цеплавоза выцекла 12 тон дызельнага паліва.

Ёсць думка, што падрыўнікоў было як мінімум двое. Яшчэ ўчора былі названыя прыкметы аднаго з падазраваных ў здзяйсненні падрыву. Гэта мужчына, апрануты ў чорнае, на выгляд мае прыблізна 40 гадоў, рост каля 170 сантыметраў, перамяшчаўся на ровары, меў пры сабе заплечнік.

Згодна з апошнім паведамленнем тэлеграм-каналу «Baza», паліцыя знайшла веласіпедыста, якога шукалі як асноўнага падазраванага ў дыверсіі – ён аказаўся «ні пры чым», што высветлілася пасля допыту. Зараз сілавікі працягваюць шукаць другога падазраванага – 35-гадовага мужчыну з барадой, таксама заўважанага ў раёне чыгункі незадоўга да выбуху.

Старшыня Следчага камітэту РФ Аляксандр Бастрыкін даручыў завесці крымінальную справу з нагоды здарэння. У расследаванні будуць задзейнічаны таксама прадстаўнікі Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі, якія прыбылі на месца выбуху.

Міністэрства транспарту Беларусі пацвердзіла, што цягнік нумар 2528 належыць Беларускай чыгунцы і рухаўся з Гомля ў Бранск, перавозіў нафтапрадукты і піламатэрыялы.

З нагоды здарэння адбылася тэлефонная размова старшыні Гомельскага аблвыканкаму Івана Крупко і губернатара Бранскай вобласці Расеі Аляксандра Багамаза. Расейскі чыноўнік адзначыў, што беларускі экіпаж цягніка не пацярпеў, з ім усё ў парадку. Ён таксама паведаміў, што гомельцы «зусім хутка» вернуцца дадому, пасля таго як будуць праведзеныя следчыя мерапрыемствы.

Пры гэтым супольнасць чыгуначнікаў ставіць пад сумнеў звесткі пра стан экіпажу. Яны адзначаюць, што «ўлічваючы пашкоджанні цеплавоза, атрыманыя ў выніку выбуху, а таксама поўную адсутнасць у кабіне машыніста якой-небудзь абароны ад траўмаў, можна засумнявацца ў заявах расейскіх прадстаўнікоў улады».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў