Затрымалі на ўзор «палітычных» за публікацыю стану дарог


Віцебскі блогер дбаў пра людзей і распавядаў пра гаротны стан дарог. За што сілавікі змусілі яго «каяцца» на відэа. Ідэю «сядзець ціха» падтрымаў праўладны дзеяч Юрый Васкрасенскі: маўляў, змест публічных абмеркаванняў трэба тэлефанаваць у дзяржаўныя органы. І тыя ўсё направяць. Альбо – пасадзяць. Распавядаем пра стан дарог і стан правоў чалавека.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Восем дзён засталося чыноўнікам на прычэсванне дарог. І лепш бы паказаць добрыя аб’ёмы і вынікі. Выканаўцы непасільных заданняў, пэўна, ужо рыхтуюць справаздачы, але схаваць недаробкі замінае народ. Тут і там у сацыяльных сетках – голая праўда пра калдобіны на гарадскіх і сельскіх дарогах. Віцебскія сілавікі змусілі мясцовага блогера «пакаяцца» за публікацыю здымкаў разбітых дарог, паведаміў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДом»:

«Карнікаў абурыла тое, што такімі відэа карыстаюцца незалежныя СМІ і распавядаюць пра “праблемныя пытанні беларускай інфраструктуры”. […] Затрыманага прымусілі параіць іншым “не выкладваць ніякія відэа, а ісці ў дзяржорганы”».

Пра тое, што праблемы трэба хаваць ад публічнасці, пасля гэтага заявіў пралукашэнкаўскі дзеяч Юрый Васкрасенскі. Маўляў, тады і дарогі будуць лепшыя, і човен, у якім усе разам сядзім, не разгайдаецца:

«Калі мы не хочам сядзець у бамбасховішчы, мы ўсе павінныя сваім прыкладам адстойваць нашую краіну і наш лад жыцця».

Васкрасенскі намаўляе, што беларусы маюць ездзіць выбоінамі, піць іржавую ваду і выпрошваць капітальны рамонт – ціха, каб не псаваць рэжыму імітавання ідэальнай краіны. Былая дэпутатка Менскага гарсавету іранізуе:

«Калі Юрый Васкрасенскі лічыць, што праблема ЖКГ акурат і зробяцца спускавым кручком, калі людзі зноў выйдуць на вуліцы і яму давядзецца адсіжвацца ў бункеры, то магчыма. Праз сістэмнасць гэта ўсё нарыхтоўваецца. Бо будуюць ідэальную краіну ўжо 30 гадоў і ўсё ніяк не дабудуюць».

Сярод вялікай колькасці праблемаў галоўнай застаецца дарога і вулічнае асвятленне.
Фота: Belsat.eu

Калі б пасля тэлефанавання ў дзяржаўныя органы праблемы развязваліся, не было б і блогераў, якія іх апублічваюць. Вольга Цесакова кажа, што бюджэты на насельніцтва мізэрныя ў параўнанні з абʼёмамі сродкаў, што ідуць на ідэалагічна правільныя абʼекты і патрэбы. У краіне пачынаецца электаральная кампанія, і сілавікі выслужваюцца:

«”Экстрэмістаў” ужо быццам усіх пералавілі, перасаджалі, ужо пайшлі па другім коле. А ворагі ўсё не заканчваюцца. Ім трэба працягваць трымаць гэты тонус, напружанне, што мы робім важную справу – шукаем ворагаў, якія хочуць разваліць нашую прыўкрасную краіну».

Пераслед і ўтаймаванне актыўных крытыкаў сацыяльнай сістэмы – практыка не новая, кажа праваабаронца Павел Левінаў, згадваючы выпадак на той жа Віцебшчыне:

«Быў такі праўдаруб Дзмітрый Красноў, які казаў, што робіцца ў медыцыне. Праўда, яго не змушалі запісваць нейкія відэа, проста ўзялі і змясцілі ў псіхіятрычную клініку. Але, відаць, зараз і на медыцыну грошай не хапае, таму пайшлі, напэўна, такім шляхам. І, я думаю, гэта будзе не адзінкавы выпадак і закране ён не толькі Віцебшчыну».

Вартаўнікам рэжыму трэба задумацца, ці варта гадаваць сабе новых ворагаў. Сярод сацыяльна незадаволеных – процьма асобаў, якія лічаць сябе па-за палітыкаю. Знойдуцца і тыя, хто галасаваў за Лукашэнку. Напрыклад, блогер, якога змусілі каяцца за здымкі разбітых дарог, не быў падпісны на апазіцыйныя медыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»