Расея абстраляла Адэсу касетнымі боепрыпасамі


Пяцёра загінулых і прынамсі трыццаць чалавек параненыя. Такі вынік расейскага ракетнага ўдару па Адэсе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я гэта ўсё бачыла і чула, перада мною была збітая ракета. І я ўсё пачула, гэта проста перада мною было. Дзверы ўсе адчыніліся, шкло трымцела вельмі моцна. І потым мы пабачылі гэта. Да таго мы хацелі сюды пайсці пагуляць, але дзякуй богу нас не было ў той момант тут», – распавяла студэнтка з Адэсы Марыя.

Праз абстрэл загарэўся Палац студэнтаў Адэскай юрыдычнай акадэміі, які ў народзе называюць замкам Гары Потэра. Удар прыйшоўся на папулярную гарадскую лакацыю, дзе людзі займаліся спортам, адпачывалі з дзецьмі і гулялі з сабакамі. Гэтак было і ў момант абстрэлу. Паводле Генеральнай пракуратуры Украіны, расейцы ўдарылі балістычнай ракетай «Іскандэр» з касетным боепрыпасам. Выкарыстанне такой зброі можа прывесці да значнага ліку ахвяраў сярод цывільных асобаў, фрагменты ракеты разляцеліся ў радыусе 1,5 кіламетра.

«Гэты баявы набой прызначаны для знішчэння жывой сілы, разлічаны для баявых дзеянняў, а не для ўдараў па цывільнай інфраструктуры і мірных жыхарах, напрыклад, Адэшчыны», – заявіў супрацоўнік Цэнтру стратэгічных камунікацыяў Сілаў абароны поўдня Дмытро Плэтэнчук.

Тым часам у ААН даследавалі абломкі іншай ракеты, якая ўдарыла 2 студзеня па Харкаве, і прыйшлі да высновы, што яе зрабілі ў КНДР. Паводле Дакладу экспертаў, з якім азнаёмілася агенцтва «Reuters», гэта была балістычная ракета серыі «Hwasong-11». Гэта сведчыць пра парушэнне эмбарга на пастаўкі зброі з Паўночнай Карэі, якое наклала Рада бяспекі ААН.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы расейскага абстрэлу Харкаўшчыны. Фота synegubov / Telegram

«На жаль, еўрапейскія і сусветныя санкцыі не паказваюць эфектыўнасць, таму што яны ўводзяцца павольна, не сінхронна, не метадычна. Гэта дае час любой краіне абыходзіць санкцыі, альбо адаптавацца да іх», – лічыць вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг падчас неабвешчанага візіту ў Кіеў заявіў, што разглядае Украіну як будучага чальца альянсу. Аднак прыняцця Украіны не будуць абмяркоўваць на найбліжэйшым саміце арганізацыі – у чэрвені ў Вашынгтоне.

«Я чакаю, што лідары пагодзяцца на больш актыўную ролю NATO у каардынацыі дапамогі ў запэўніванні бяспекі ды рыхтаванні кадраў для Украіны. Думаю, нам таксама неабходныя буйныя шматгадовыя фінансавыя абавязанні, каб прадэманстраваць, што нашае падтрыманне Украіны не кароткатэрміновае і разавае, а доўгатэрміновае і прадказальнае. Гэта паслужыць дакладным сігналам Маскве», – заявіў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Столтэнбэрг прызнаў, што краіны NATO не выканалі абяцанняў наконт ваеннай дапамогі Украіне. Але цяпер сітуацыя ссунулася з мёртвай кропкі і зброя паступова перадаецца. Ці зменіць гэта сітуацыю на фронце?

«Я думаю, што гэта будзе выглядаць у выглядзе спынення прасоўвання расейскіх войскаў. Так, будуць лакальныя баі, але вось такога прасоўвання, як цяпер ёсць, ужо не будзе. Я думаю, гэта дапаможа», – дадаў Іван Ступак.

Уладзімір Зяленскі адзначыў важнасць паскарэння пастаўкі вайсковай дапамогі. Таксама бакі абмеркавалі стварэнне адмысловага фонду фінансавага падтрымання ўкраінскай абароны. Яна прадугледжвае дапамогу памерам 100 мільярдаў еўраў тэрмінам на 5 гадоў.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»