Чыгуначнікі – без ільготаў, а менчукі – без вады: што зменіцца ў Беларусі ў траўні?


Праезд у электравіку са зніжкаю 50 %. З 1 траўня беларусы пенсійнага веку змогуць набываць квіткі на цягнікі рэгіянальных лініяў удвая танней. А вось пенсіянеры-чыгуначнікі, як і дзейныя працаўнікі Беларускай чыгункі, застануцца без сваіх ільготаў. А менавіта без права на бясплатны праезд цягнікамі на адлегласць 150 кіламетраў ад месца жыхарства.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Найбольш яўная эканамічная прычына – пагаршэнне фінансавага стану Беларускай чыгункі. Адмяніць ільготы пенсіянерам рэжым Лукашэнкі баіцца, таму вырашылі ашчадзіць на ільготах працаўнікоў. Таксама магчымая прычына – паступовы пераход кантролю над беларускім прадпрыемствам да расейскіх чыгунак», – адзначыў навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль.

Таксама дзейныя і былыя працаўнікі чыгункі маюць вярнуць атрыманыя раней гадавыя квіткі на бясплатны праезд.

Курыце? Рыхтуйцеся зноў плаціць больш. Пяты раз з пачатку года падаражэюць цыгарэты. Змены з 1 траўня закрануць 69 марак ад «Тытунь-інвесту» і тры – ад «Сентоні ПРА», а таксама 5 марак, якія ўвозіць дзяржаўнае прадпрыемства «Беларусьгандаль». Кошты на гэтыя тытунёвыя вырабы павялічацца ад 5-ці да 45-ці капеек.

Менчукам варта рыхтаваць тазікі і рондалі. У траўні для жыхароў сталіцы традыцыйна пачнецца планавае адключэнне гарачай вады. Такую захаду камунальнікі тлумачаць рыхтаваннем цеплавых сетак да эксплуатацыі ў зімовы перыяд. І абяцаюць, што адключэнне вады не перавысіць 13-ці содняў.

«Яны не падрыхтуюцца. Зараз людзі два тыдня будуць без вады, а пасля гэтага будуць яшчэ без вады, бо ўся сістэма будзе ламацца. Ты не зможаш знайсці цечу ў трубе, пакуль вады ў гэтай трубе няма. Ці змогуць яны туды падаць штосьці акрамя вады Малаімаверна. Гэта я як будаўнік кажу. Хутчэй за ўсё, яны штосьці візуальна падправяць, зробяць імітацыю працы», – распавёў блогер і аўтар каналу «Реальная Беларусь» Арцём Шапараў.

Беларусь дасюль застаецца адною з нешматлікіх краінаў, дзе планава адключаюць гарачую ваду. Бо ў нашай краіне ўсё яшчэ карыстаюцца цэнтральнаю сістэмаю водазабеспячэння, пабудаванаю яшчэ ў савецкі час.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: moika78.ru

Чыноўнікі падрыхтавалі новыя абмежаванні для незанятых у эканоміцы. З 28 траўня некаторыя сем’і, дзе бацька лічыцца няробцам, не атрымаюць сямейнага капіталу або не змогуць датэрмінова яго выкарыстаць. Нагадаем: гэткую выплату назначаюць шматдзетным семʼям пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей. З першага студзеня яна складае больш за 31 тысячу рублёў.

Узмацненне ціску на незанятых у эканоміцы грамадзянаў з боку рэжыму эксперты тлумачаць не толькі нястачаю працаўнікоў у эканоміцы.

«Другая прычына – тое, што рэжым карыстаецца магчымасцю дадаткова ціснуць на беларускае грамадства, бо людзі, якія не працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і не ахопленыя прапагандаю рэжыму, разглядаюцца як патэнцыйна нелаяльныя рэжыму Лукашэнкі», – патлумачыў Алег Мазоль.

Гэтак званую базу дармаедаў у траўні чыноўнікі абновяць чарговы раз. Бо з красавіка такія звесткі маюць карэктаваць штомесяц. Тыя ж, каго чыноўнікі лічаць няробцамі і хто мае ва ўласнасці жытло, вымушаныя плаціць за камунальныя паслугі паводле поўных тарыфаў.

Ад заўтра вырастуць пенсіі і дапамога на дзяцей. З 1 траўня чыноўнікі павялічаць бюджэт пражыткавага мінімуму амаль на 3 %. У сярэднім на душу насельніцтва ён складзе каля 419 рублёў, а для пенсіянераў – крыху больш за 303 рублі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»