Агітацыя кандыдатаў на сяброўства ў Каардынацыйнай радзе штодня робіцца больш актыўнаю. Усе 12 спісаў, дапушчаных да перадвыбарчай кампаніі, даносяць да выбарнікаў свае праграмы. Прадстаўнікі групаў і блокаў ладзяць прэс-канферэнцыі і наўпрост распавядаюць пра мэты і задачы працы ў складзе рады.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Падтрыманне беларусаў за межамі радзімы – прыярытэтны пункт праграмы блоку Пракоп’ева–Ягорава на выбарах у Каардынацыйную раду.
У гэты блок уваходзяць 34 асобы, ёсць там прадстаўнікі дыяспараў Вʼетнаму, Фінляндыі, Украіны, Злучаных Штатаў ды іншых краінаў. Таму праблемы беларусаў свету добра вядомыя: адсутнасць камунікацыі паміж суайчыннікамі за мяжою, патрэба ў дадатковым самафінансаванні ды іншыя. Апроч таго, блок мае намер удасканаліць дзейнасць самога палітычнага органу.
«Рэформа самой Каардынацыйнай Рады наспела, – патлумачыў прадстаўнік блоку Андрэй Кушняроў. – За 2 папярэднія скліканні назапасілася даволі вялікая колькасць рэчаў, якую трэба вырашыць: і ў справаздачнасці, і ва ўзаемадзеянні розных блокаў паміж сабою».
Яшчэ больш амбітныя планы мае спіс «Воля» на чале з Вадзімам Кабанчуком, намеснікам камандзіра палка Каліноўскага. Іх агучыў прадстаўнік спісу Аляксандр Клачко.
«Місія нашага спісу – аднаўленне, захаванне і ўмацаванне дзяржаўнага і народнага суверэнітэту Беларусі, тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, аднаўленне рэспубліканскага дзяржаўнага ладу, дэмакратычнага і палітычнага прававога рэжыму, падзелу ўладаў і вяршэнства закону».
Сярод найважнейшых доўгатэрміновых задачаў Аляксандр Клачко азначыў вывад нашае краіны з-пад гібрыднае акупацыі, звяржэнне Лукашэнкі і развіццё нацыянальнае культуры. Дзеля дасягнення гэткіх мэтаў удзельнікі спісу «Воля» робяць стаўку на развіццё і ўзмацненне Беларускай вызваленчай арміі. У прыватнасці, трэба стварыць палітычныя ўмовы для знаходжання БВА, яе чальцоў на тэрыторыях тых краінаў, урады якіх дадуць палітычную і юрыдычную згоду на гэта. У тым ліку вядзецца гаворка пра дапамогу беларускім добраахвотнікам, валанцёрам і Збройным сілам Украіны.
«Не – жалезнай заслоне!» – гэта адзін з лозунгаў перадвыбарнай праграмы спісу «Наша справа». Сярод пунктаў: спрыяць больш актыўнай выдачы візаў грамадзянам Беларусі, аднавіць пасажырскае чыгуначнае злучэнне паміж нашаю краінай і Еўропай, арганізаваць фінансаванне навучальных праграмаў для беларускіх студэнтаў у еўрапейскіх навучальных установах. Пра гэта распавяла «Белсату» лідарка спісу «Наша справа» Роза Турарбекава.
«Мы цяпер зацікаўленыя ў тым, каб наша моладзь вучылася на ўзроўні бакалаўрыяту і ў дактарантуры. Таксама ў навучанні, стажыроўцы ці абмену, напрыклад, старшакласнікаў. І каб не закрываўся еўрапейскі рынак для нашай працоўнай сілы».
Іншы не менш важны пункт у праграме спісу «Наша справа» – узмацніць міжнародны ціск на лукашэнкаўскіх памагатых і зрабіць санкцыі больш справядлівымі.
«Шмат служкаў рэжыму ўсялякіх і розных – не абавязкова толькі суддзі, пракуроры і міліцыя – фактычна выпалі з поля зроку. А яны ж пэўна таксама вінаватыя, таксама мусяць несці адказнасць за рэпрэсіі супраць беларусаў і беларусак», – канстатавала Роза Турарбекава.
Яна заклікала выбарнікаў як мага актыўней галасаваць за трэці склад Каардынацыйнае рады і пасля патрабаваць выканання ўсіх пунктаў перадвыбарчых праграмаў.
Марына Яновіч, «Белсат»