Усебеларускі народны сход будуць прызначаць?


Так званы рэферэндум прайшоў яшчэ ў лютым, а канкрэтыкі няма дагэтуль. Як, паводле папраўленай Канстытуцыі, маюць размяркоўвацца паўнамоцтвы паміж Лукашэнкам і ягонымі чыноўнікамі? І што наконт Усебеларускага народнага сходу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка кажа, што нібыта гатовы перадаць Сходу свае паўнамоцтвы, якія датычаць працы Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў і Цэнтрвыбаркаму. Але агулам, падобна, як кіраваў, так і будзе кіраваць.

«Любыя заявы пра тое, што ён збіраецца дзяліцца, – гэта альбо зман, альбо можна назваць гэта какецтвам нейкім. У любым выпадку гэта такія рэчы, якія не будуць мець рэальнага месца. Рэальнае месца можа мець толькі канфігурацыя таго, як ён неабмежавана кантралюе сітуацыю надалей», – кажа публіцыст Алесь Чайчыц.

Пра дэцэнтралізацыю ўлады самаабвешчаны кіраўнік Беларусі пачаў казаць яшчэ падчас масавых пратэстаў 2020 года. Пасля гэтак званага рэферэндуму пытанне з парадку дня знікла. І вось цяпер Лукашэнка заяўляе:

«Ніякай дэцэнтралізацыі няма і быць ня можа!»

Дык навошта Лукашэнку Усебеларускі народны сход? Ён цвердзіць, што гэта будзе абраны народам орган, і ніякіх прызначаных чальцоў у ім не будзе. Але з заяваў Вадзіма Іпатава, дырэктара Цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў, вынікае: народ, які будзе абіраць чальцоў на Сход, – перадусім, прадстаўнікі лукашэнкаўскай вертыкалі. Сход будзе цалкам прызначаны Лукашэнкам, кажа Алесь Чайчыц:

«Гэта – цалкам падкантрольная структура, якая фармуецца цалкам падкантрольнай ўладзе і ў яшчэ большай ступені залежнасці, чым нават дэпутаты, якія дэ-факта ў Беларусі таксама з’яўляюцца не праз дэмакратычныя выбары».

Гэтую думку падзяляе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Ясна, што на Сход не тое што не трапіць апазіцыя, а трапяць абсалютна правераныя прадстаўнікі працоўных калектываў. Галоўныя працоўныя калектывы ў палітычнай сістэме Лукашэнкі – гэта КДБ і МУС».

І яшчэ адна заява гэтак званага кіраўніка: народ не гатовы да таго, каб прэзідэнта абіраў Сход. Але ці гэта не чарговае какецтва? Віталь Цыганкоў адзначае:

«Пасля той псіхалагічнай траўмы, якую яму нанёс жнівень-верасень 20-га, ён ужо баіцца праводзіць нават такія псеўдавыбары. Таму, безумоўна, ён думае пра гэты варыянт, каб кіраўніка дзяржавы абіралі Усебеларускім народным сходам».

Таму, відаць, нездарма Лукашэнка так цёпла выказваўся пра кітайскую палітычную мадэль, дзе чальцы Зʼезду камуністычнай партыі абіраюць генсека, то бок кіраўніка дзяржавы.

Алесь Яшчанка, «Белсат»