Дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў прывезлі ў Беларусь


Святаслаў трапіў у Менск у складзе чарговай групы дзяцей, прывезеных з Данбасу. Дзяцей скіравалі ў санаторый Магілёўскага раёну. Там іх чакае рэабілітацыя і палітычнае перавыхаванне. Ад фонду Талая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ім робіцца дэманстрацыя ваеннай зброі, урокі страляніны і канцэрты кшталту сясцёр Груздзевых з заклікам “няхай здохне Байдан, няхай здохне Зяленскі“. З гэтага мы бачым, што насамрэч мэтай прыезду дзяцей не з‘яўляецца адвабіць іх ад ваеннай тэматыкі», – кажа кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч.

Вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь сталі з пачаткам поўнамаштабнай вайны. Найчасцей з акупаваных украінскіх гарадоў вывозяць дзяцей векам ад 6 да 17 гадоў. Шмат хто адносіцца да ўразлівых групаў: сіроты, інваліды, дзеці з малазабяспечаных сем‘яў.

«Дадзеныя дзяцей-сірот, як і іх саміх, лягчэй схаваць. Варта адзначыць, што частка сірот, якія вывозяцца ў Беларусь, нарадзіліся ўжо пасля страты Кіевам кантролю над акупаванымі тэрыторыямі Украіны. Тым не менш такія дзеці з‘яўляюцца грамадзянамі Украіны», – зазначае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

З лютага 2022-га ў Беларусь незаконна вывезлі больш за 2 тысячы малых украінцаў. На тэрыторыі нашай краіны іх размяшчаюць у санаторыях і летніках. У хуткім часе для дзяцей, вывезеных з акупаваных тэрыторыяў, зробяць асобны цэнтр. Паводле Талая, ён размесціцца ў былой сядзібе вялікіх князёў Раманавых у Старабарысаве. Гістарычны будынак на баланс фонду перадаў ананімны ахвяроўца.

Дзеці з акупаваных тэрыторый Украіны, якіх прывезлі ў Беларусь.
Фота: Sputnik

«Мы ведаем, што фонд Талая атрымлівае грошы з бюджэту саюзнай дзяржавы, а, таксама мы ведаем, што ёсць і прыватныя спонсары. У прыватнасці расейскі бізнесовец, які і парадаў ім гэтую сядзібу», – дадае Станіслаў Івашкевіч.

Каманда Паўла Латушкі намагаецца прыцягнуць да адказнасці дзеячаў рэжыму, якія бяруць удзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей. Адпаведныя дакументы ўжо скіраваныя ў Гаагскі суд, паведамляе кіраўнік НАУ:

«У Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе вядзецца папярэдняе расследаванне. Як толькі будуць устаноўленыя недастаючыя факты, то неадкладна рушаць крымінальна-працэсуальныя дзеянні з боку офісу пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. На жаль, больш дэталяў мы не можам раскрыць».

Дэпартаваных дзяцей сустракалі і прадстаўнікі Чырвонага Крыжа Беларусі. Летась, пасля паездкі кіраўніка структуры Дзмітрыя Шаўцова ў Луганск і Данецк з «Z»-шаўронам на рукаве, беларускую арганізацыю выключылі з міжнароднай федэрацыі. Сёння Шаўцоў – пад асабістымі санкцыямі Еўразвязу. Супольна з Талаем яго прызналі датычным да ґвалтоўнага вывазу малых украінцаў ды іхнаму наступнаму ўсынаўленню расейскімі і беларускімі сем’ямі.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»