Вечар перад Калядамі: як беларусы адзначаюць свята Божага Нараджэння


6 студзеня святы вечар у беларусаў, якія святкуюць Раство паводле юліянскага календара. «Белсат» высветліў, у чым адметнасць гэтага свята, як сустракалі яго нашыя продкі і як гэта робяць беларусы сёння.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вялікая Куцця – канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту ў вернікаў, пачатак святаў. Да яе адмыслова рыхтуюць святочны стол, за які ўся сям’я сядае, як толькі на небе зʼявіцца першая зорка.

«У старадаўнія часы хрысціяне ўвогуле цэлы дзень нічога не елі. І вось ад гэтага і ёсць такая традыцыя, што да першай зоркі не есці. Пакуль не сцямнее, да вечара, людзі захоўвалі пост», – кажа святар Беларускай праваслаўнай супольнасці Канстантынопальскага патрыярхату ў Вільні Георгій Рой.

Галоўная страва на святочным стале – куцця. Гэта каша на аснове крупаў або пшаніцы. Адзінага рэцэпту прыгатавання няма – шмат хто робіць гэта паводле сямейных традыцыяў. Дадаюць арэхі і не толькі.

«Магчыма грэцкія, можа быць фундук. Дадаю ўсё, што маю: і разынку, і мак, – дзеліцца мастачка, іканапісец Ксіша Ангелава. Гэта ўсё замесіцца і заліваецца ўзварам. А ва ўзвары добра мець сліўку, каб яна капцілася на пячы і была духмяненькай такой».

У гэты дзень на стале мусіць быць 12 страваў. Але абавязкова без мяса.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: welcome-belarus.ru

«Гатавалі больш посныя стравы – рыбу, бліны, яешню, – кажа этнограф, фалькларыст Сяржук Доўгушаў. – І кожны з сямʼі павінен быў пакаштаваць куццю перад пачаткам святочнай вячэры. А ўпрыгожвалі стол па-рознаму. Была таксама традыцыя – пад абрус на стол слалі сена».

Каляды – хрысціянскае свята. Аднак яго карані ляжаць у паганскіх часах, калі нашыя продкі святкавалі адыход цемры і паступовае павелічэнне светлавога дня.

«Беларускія каляды – гэта вельмі добры прыклад таго, як спалучаліся традыцыі старадаўнія паганскія і хрысціянскія. Людзі ходзяць і калядуюць. Пяюць песні, якія ўслаўляюць Раство, але водзяць казу», – кажа Георгій Рой.

Адметна, што не ўсе праваслаўныя хрысціяне пачынаюць святкаваць Каляды сёння. Гэта робяць толькі тыя цэрквы, якія жывуць паводле юліянскага календара. А вось украінскія праваслаўныя летась, напрыклад, упершыню адсвяткавалі Раство 24–25 снежня.

Праваслаўныя ў Беларусі адносяцца да РПЦ, аднак некаторыя са святароў выйшлі з-пад маскоўскай юрысдыкцыі. Беларускі прыход, які падпарадкоўваецца Канстантынопальскаму патрыярху, існуе ў Вільні. Сёння службу там упершыню праводзіў адмыслова прызначаны экзарх з Канстантынопалю.

Віленскі святар Аляксандр Кухта выказвае спадзеў на адыход цемры. І надыход святла:

«У малітвах Раства мы называем Хрыста, які нараджаецца, святлом і зоркай. Я зычу і вам, і сабе, і ўсім людзям, каб у нашым жыцці было як мага больш святла. Я веру, што так і будзе. Таму што калі гэта не так, ува ўсім няма сэнсу. Таму давайце будзем шукаць сэнс. І Хрыстос нарадзіўся».

Ян Федаровіч, «Белсат»