Ксёндз Вячаслаў Барок: «Калі б Хрыстос нарадзіўся ў Беларусі – нарадзіўся б за кратамі»


Напярэдадні свята Божага Нараджэння «Белсат» паразмаўляў з душпастарам беларусаў-каталікоў у Варшаве ксяндзом Вячаславам Барком. Запыталіся ў святара, ці варта наагул у такія чорныя для нашых суайчыннікаў часіны адзначаць свята, якія падарункі рабіць на Раство беларусам і ці адпусціў бы ён грахі Аляксандру Лукашэнку, калі б той раптам захацеў пакаяцца…

Ксёндз Вячаслаў Барок.
Фота: ЯМ / Белсат

«Белсат»: – Айцец Вячаслаў, уявіце такую сітуацыю: Хрыстос нарадзіўся, і Ён нарадзіўся ў Беларусі, сёння…

Кс. Вячаслаў Барок: – Бачыце, калі б Хрыстос нарадзіўся сёння ў Беларусі, калі б у планах збаўлення было так, то… мы пра гэта не даведаліся б, таму што Ён нарадзіўся б за кратамі. Там, дзе падлога палітая хлёркай, там, дзе не было б нават нейкага ката, які б мог яго абагрэць. Хрыстос нарадзіўся б на бетоннай падлозе.

І паўтараю: мы б не даведаліся пра гэта. Таму што былі б занятыя зусім іншым: мы б падпісвалі, сабраўшыся разам, вялікія пагадненні за мір. А Хрыста прапусцілі б…

«Дыялог магчымы толькі тады, калі не адыходзім ад праўды»

– Мы, пэўна, дыскутавалі б, ці варта «перагарнуць старонку» і садзіцца за стол перамоваў з Лукашэнкам?

– Гэтая дыскусія, якая разгарэлася, вельмі няпростая. Я ад самага пачатку гавару аб тым, што мусіць быць дыялог. Дыялог і толькі дыялог. Калі мы кажам пра магчымасць дыялогу і размовы – у гэтым няма нічога кепскага. Але трэба разумець, што дыялог магчымы толькі тады, калі мы не адыходзім ад праўды. Не можа быць так, што, маўляў, у нас дыялог, а значыцца, забываемся на праўду, бо трэба ж неяк дамовіцца. Тады гэта будзе злачынствам.

І трэба разумець таксама ўзровень свайго суразмоўцы. Ягоны інтэлектуальны ўзровень, ягоны псіхалагічны стан, ягоны стан здароўя. Трэба ўмець сысці на ўзровень суразмоўцы. Калі я буду як святар весці дыялог з атэістам і буду казаць багаслоўскімі тэрмінамі – ніколі з ім не дамоўлюся. Гэта, ведаеце, пустое. У нас розны ўзровень мовы.

Калі хтосьці думае, што рэжым сёння зразумее нейкую іншую мову, апрача той, якую ўжывае сам, то памыляецца. А рэжым, гаворачы з народам, ужывае мову гвалту і насілля.

І мы павінны разумець, што, гаворачы з рэжымам, мы мусім ужываць іхную ж мову – мову сілы. І гэта не значыць, што мы хочам кагосьці знішчыць або камусьці адпомсціць – не. Гэта значыць толькі тое, што мы кіруемся праўдай і законам. І калі дыялог будзе такі – у духу праўды і закону, тады – так, тады – канечне.

Фота: ЯМ / Белсат

А прапанова «давайце перагорнем старонку» – гэта будзе шлях у нікуды. Таму што колькі старонак ужо ў Беларусі перагортвалася? І пасля кожнай перагорнутай не рабілася пэўных высноваў – таму яны паўтараліся. Як мы не разлічыліся за рэпрэсіі 1930-х гадоў – дык у XXІ стагоддзі рэпрэсіі паўтарыліся.

«Мы не можам азірацца на д’ябла»

– Дык ці да свята нам увогуле сёння? Ці варта святкаваць, у той час як людзі ў Беларусі пакутуюць за турэмнымі мурамі?

У 2020 годзе я сам святкаваў за кратамі (кс. Вячаслава Барка асудзілі 3 снежня на 10 сутак – заўв. ЗК). Калі выйшаў – было шмат радасці! І ў той час, год таму, мяркую, ва ўсіх нас было больш надзеі, больш аптымізму і спадзяванняў. Але пражыўшы год у гэтай безупыннай вайне, калі зло спрабуе забіць у нас чалавека, адчуваем праз тую духоўную барацьбу, якую вядзем, велізарную стомленасць.

Я не кажу пра безнадзейнасць, не кажу пра смутак ці роспач. Але стомленасць ёсць аграмадная. А калі ёсць стомленасць, тады з’яўляецца і пэўная апатыя. Гэта нармальныя псіхалагічныя рэакцыі ў кожнага з нас.

Аднак калі гучыць пытанне, ці варта ў такой сітуацыі святкаваць свята, я скажу адназначна: варта. Таму што святкуючы нараджэнне Божае, мы імкнемся вырвацца з гэтага жыццёвага віру, каб затрымацца і задумацца пра яшчэ больш важныя рэчы. Бо калі святкуем нараджэнне Божага Сына, мы перажываем вялікую таямніцу нашай веры – усведамляем, што Бог стаўся чалавекам. І гэтая таямніца ёсць для чалавека пасланнем: Бог хоча, каб чалавек зразумеў сэнс свайго жыцця. А сэнс у тым, што нам варта быць людзьмі.

В Варшаве представили электронную книгу Владимира Мацкевича «Отвечая за себя», Центр белорусской солидарности
Надзея Лучанок, Святлана Мацкевіч, Вячаслаў Барок падчас прэзентаціі кнігі філосафа Уладзіміра Мацкевіча «Адказваючы за сябе» у Цэнтры беларускай салідарнасці.
Фота: ЯМ / Белсат

І гэта не проста паўтор слоў: «Бог стаўся чалавекам», «нам варта быць людзьмі» – у гэтым ёсць сэнс. Бо свята Нараджэння Божага вучыць нас пачынаць думаць па-божаму. Гэта значыць – задумвацца над сваімі праблемамі, як стаць сапраўдным чалавекам, як перамагчы зло. А мы ж часам думаем так: як бы нам не разгнявіць дʼябла?.. Як бы гэта зрабіць так, каб не было горш? І кожны, хто думае так, думае не па-божаму. Ён думае, як сатана.

Бог вучыць нас іншай ментальнасці. Мы не можам азірацца на дʼябла і думаць пра яго, пра тое, як ён дзейнічае ў жыцці. Мы мусім думаць аб тым, як дзейнічае Бог. І цалкам сваё жыццё Богу даверыць. Гэтаму і служыць свята Божага нараджэння.

Ну і калі разважаць у такім вымярэнні, то думаю, што кожны духоўны стан, у тым ліку і стан стомленасці, пра якую ўзгадвалі, ён спрыяе таму, каб думаць пра Божае Нараджэнне і каб святкаваць яго. Бо ў гэтым мы знаходзім выхад са складанай жыццёвай сітуацыі.

Лукашэнка прагне пакаяцца?..

– А ўявіце сабе такі цуд. Свята, вы спавядаеце ў канфесіянале, і раптам да яго падыходзіць… Аляксандр Лукашэнка. Ці адпусціце яму грахі і якія пакуты прызначыце?

– Сітуацыя сапраўды фантастычная… Такімі казуснымі сітуацыямі займаюцца часам багасловы-пачаткоўцы, калі разважаюць над тым, а ці можа сатана пакаяцца. Ён жа, маўляў, Люцыпар, анёл святла – ці можа ён пакаяцца?..

Не, сатана не можа пакаяцца.

Ведаеце, кожны чалавек – усяго толькі чалавек. Я не кажу, што трэба дэманізаваць людскую асобу. Ніводны з людзей, як бы агідна ён сябе ні паводзіў, не можа ў сваім зле дараўнацца да ўзроўню сатаны. Дык ці можа ён пакаяцца? Тэарэтычна – так. Хай каецца. Але тут няма такога, што калі пакаецца гэты – будзе яму такая пакута, а калі той – такая. Так яно не бывае. Пакаянне – гэта перадусім дар Божы, а не толькі вольная воля чалавека.

Фота: ЯМ / Белсат

Чаму Бог пакінуў гэтага чалавека?.. Я не ведаю. Напэўна, зрабіў штосьці не так. Чаму гэтага пакаяння няма? Не ведаю. Ці яно будзе – немаведама…

Ведаю адно. Што калі ў Беларусі сёння дзеецца аж такое зло і ў гэтае зло ўцягваюцца ўсе абсалютна – грамадства, нават царква і касцёл, – нам важна думаць не пра тое, якую пакуту хто атрымае, калі раптам пакаецца. Але мусім думаць, як павінны ўзносіць малітвы да Бога, каб Бог вызваліў кожнага з нас з-пад улады сатаны.

Бо ўлада сатаны ў Беларусі сёння відавочная. Улада цемры і зла.

Аднак не трэба перабольшваць і казаць: ну вось, калі ўлада сатаны, то Богу там няма месца. Не. Бог здольны рабіць велізарныя цуды нават праз аднаго чалавека. Але вельмі важна, каб, прынамсі, гэты адзін чалавек знайшоўся…

«Выбіраць дабро – без усялякіх кампрамісаў»

– Каляды ўспрымаюцца як дзіцячае свята. Ці варта дзецям расказваць праўду пра тое, што ў Беларусе пануе ўлада цемры і пра тое, з якой прычыны многія з нас вымушаныя былі пакінуць радзіму? Ці мо лепш прыдумаць для дзетак прыгожую казку?

– Свята Божага Нараджэння – гэта, канечне, дзіцячае свята, але не ў тым сэнсе, што яно для 5-гадовых, а ў тым, што ўсе мы дзеці Божыя! Бо дзякуючы Нараджэнню Божаму мы як ніколі моцна ўсведамляем, што мы дзеці Бога, бо Хрыстос дае нам права называць Бога сваім Айцом. І мы, як дзеці Божыя, павінны вучыцца жыць у праўдзе ад самага пачатку. Нашае жыццё не будзе шчаслівым і не будзе мець сэнсу, калі будзем ствараць сабе нейкія казкі, нейкія ілюзіі і падманваць саміх сябе. Досыць! Мы ўжо нападманваліся…

Hавiны
Як размаўляць з дзецьмі пра гвалт ад людзей у чорным?
2021.12.24 09:56

Я думаю, што на казках добрага жыцця не пабудуеш. І, святкуючы Нараджэнне Божае, мы ўсё ж такі павінны дзецям расказваць толькі праўду, і выключна – праўду. Яна можа быць балючая і цяжкая да зразумення. Гэта так. Але калі мы расказваем суцэльную праўду, то яна перапоўненая дабром. Таму што праўда для хрысціяніна ёсць адна: Бог гэты свет збавіць і яго выратуе. Праўда пра тое, што дабро ў гэтым свеце перамагае.

Фота: ЯМ / Белсат

А таму і дзецям трэба казаць: так, сёння цяжкі час, сёння людзі адвярнуліся ад Бога, адварочваюцца ад Бога прадстаўнікі ўлады, некаторыя царкоўнікі таксама здраджваюць хрысціянскім прынцыпам тады, калі не бароняць тых людзей, якія сядзяць у турмах. І гэтую праўду не трэба хаваць. Праўда, як кажа Хрыстос, вызваляе нас.

І не трэба баяцца казаць, чаму мы выехалі. Таксама не трэба баяцца разважаць пра тое, пры якіх умовах вернемся. Не трэба баяцца казаць пра тое, што нас можа чакаць у будучым, бо зло не здаецца і паказвае зубы. Але гэта абсалютна не значыць, што дабро не пераможа.

І дзецям трэба казаць, што зло можна перамагчы, але толькі тады, калі мы будзем вернымі свайму сумленню. І будзем выбіраць дабро – без усялякіх кампрамісаў. І супрацьстаяць злу. І Хрыстос вучыць нас, што тады жыццё становіцца казачным, непаўторным, неверагодным. І немагчымае становіцца магчымым.

«Каб нарадзіўся Хрыстос – мусіш убачыць іншага чалавека»

– Якія падарункі лепш дарыць беларусам на Божае Нараджэнне?

– Для мяне найлепшым падарункам было, калі б кожны з беларусаў працягнуў мне руку, як і я магу працягнуць руку кожнаму беларусу. А калі чалавек за кратамі, то руку можна працягнуць іншым чынам: трэба пісаць лісты! Мы не можам забыцца на тых людзей, якія сёння сядзяць за кратамі. Не можам забыцца на тых, якія вымушаныя былі расстацца са сваімі семʼямі, вымушаныя былі выехаць з краіны.

Як толькі забываемся на іх – ніякага Раства для нас не будзе. Калі забываем пра брата свайго – тады забываем пра Бога.

Фота: ЯМ / Белсат

Мяне вельмі бянтэжыць часам, што, на жаль, некаторыя вялікія лідары нашых канфесіяў, калі віншуюць з Нараджэннем Божым, то гэтыя віншаванні гучаць толькі на адрас моцных гэтага свету. А людзей за кратамі, людзей пацярпелых абмінаюць у сваіх прамовах, як у свой час фарысеі абміналі пракажоных. І гэта не ёсць па-хрысціянску. У такой сітуацыі Хрыстос нарадзіцца не можа. У сэрцах такіх людзей Хрыстос памірае.

Каб нарадзіўся Хрыстос, ты мусіш убачыць іншага чалавека.

«Важна толькі адно – каб мы сталі людзьмі!»

– Якімі словамі вы ў гэты святочны дзень павіншуеце беларусаў, нашых чытачоў?

– Нашае жыццё сёння не зусім прывабнае. Шмат у каго – надломленае. Не зломленае, але – надломленае. Шмат хто з нас пацярпеў. Усе мы стомленыя. Усе мы прагнем спакойнага нармальнага жыцця…

І я зычу ўсім – і стомленым, і расчараваным – аднаго: адкрыцца на сваё прадвызначэнне, якое даў нам Бог. Бо гэта Ён вырашыў, калі нам нарадзіцца і прыйсці на гэты свет. І гэтае прадвызначэнне – быць чалавекам.

Дык жадаю ў часе Божага нараджэння станавіцца сапраўднымі людзьмі, быць беларусам для беларуса, працягнуць руку паяднання і паразумення.

Фота: ЯМ / Белсат

Усім, хто сёння за кратамі – як мага хутчэй выйсці на волю. Усім, хто ў вымушанай эміграцыі – вярнуцца дадому. Усім, хто сёння жыве ў расстанні са сваімі каханымі і любімымі семʼямі – як мага хутчэй паяднацца.

І верце: гэта магчыма! Важна толькі адно – каб мы сталі людзьмі!

  • Ксёндз Вячаслаў Барок адпраўляе службы ў касцёле Святога Аляксандра на пляцы Трох Крыжоў у Варшаве (ніжні храм). Кожную нядзелю і ў святы абавязковая святая імша: 11:30 і 18:00. Выключэнне – кожная другая нядзеля месяца, гэты дзень – эўхарыстыя супольная з польскай парафіяй у верхнім храме на польскай мове з элементамі на беларускай.
Hавiны
Святочныя паштоўкі ад «Белсату»: павіншуй сяброў і родных з Новым годам і Калядамі
2021.12.24 08:00

Гутарыў ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў