У Расеі патрэнуюцца запускаць ядравую зброю «ў адказ на пагрозы» заходніх палітыкаў


Уладзімір Пуцін даручыў вайскоўцам зладзіць вучэнні з мэтаю «павысіць гатовасць нестратэгічных ядравых сілаў да выканання баявых задачаў», паведаміла Мінабароны Расеі. Апошні раз такія трэнаванні былі ў кастрычніку летась.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

У Расеі пачалі рыхтавацца да вучэнняў з ракетнымі злучэннямі Паўднёвай вайсковай акругі з прыцягненнем авіяцыі і сілаў Вайскова-марскога флоту.

«Падчас навучання будзе здзейснены комплекс захадаў у практычным адпрацоўванні пытанняў рыхтавання і выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі», – паведамляе Міністэрства абароны Расеі.

Як патлумачылі ў ведамстве, гэта патрэбна дзеля «безумоўнага забеспячэння тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту расейскай дзяржавы». Таксама сцвярджаецца, што вучэнні ладзяцца «ў адказ на правакацыйныя заявы і пагрозы некаторых заходніх афіцыйных асобаў на адрас Расейскай Федэрацыі».

Калі трэнаванні адбудуцца, не ўдакладняецца, паведамляецца толькі, што «найбліжэйшым часам».

Пра якія менавіта «правакацыйныя заявы» і «пагрозы» заходніх палітыкаў ідзецца, невядома.

Раней прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон не выключаў, што давядзецца выпраўляць сваіх вайскоўцаў ва Украіну. «Магчыма, у нейкі момант – я гэтага не жадаю, не буду браць на сябе ініцыятыву – спатрэбяцца наземныя аперацыі, якімі б яны ні былі, для супрацьдзеяння расейскім сілам. Моц Францыі ў тым, што мы можам гэта зрабіць», – сказаў палітык.

У сакавіку міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што «прысутнасць сілаў NATO ва Украіне не ёсць чымсьці неймаверным».

Hавiны
МЗС Польшчы: накіраванне войскаў NATO ва Украіну «не зʼяўляецца чымсьці неймаверным»
2024.03.08 21:29

 

Апошняе трэнаванне сілаў ядравага стрымлівання правялі ў Расеі ў кастрычніку летась. Тады запускаліся балістычныя, у тым ліку міжкантынентальныя, і крылатыя ракеты – з палігонаў, з самалётаў далёкай авіяцыі і атамнай субмарыны. Задачаю таго навучання называлася «адпрацоўванне масаванага ўдару ў адказ на ядравы ўдар непрыяцеля».

Аналітыка
Мэсідж Крамлю. Выпраўленне войскаў ва Украіну можа стаць для ЕЗ немінучым
2024.02.27 18:29

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў